Вы тут

За смерць работніка музея Янкі Купалы пачалі крымінальную справу

Следчая група каля музея Янкі Купалы / sk.gov.by

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце парушэння правілаў аховы працы, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека (ч. 2 арт. 306 Крымінальнага кодэкса), паведамляе прэс-служба ведамства.

Як распавядала Еўрарадыё, здарэнне адбылося зранку 5 жніўня. Пры праверцы сістэм пажаратушэння ад выхаду газу загінуў 67-гадовы загадчык матэрыяльна-тэхнічнага аддзела музея Янкі Купалы. Іншага супрацоўніка, які страціў прытомнасць, паспелі своечасова вынесці на свежае паветра.

Следчыя ўдакладняюць, што смерць музейнага работніка наступіла ў выніку парушэння патрабаванняў правілаў тэхнікі бяспекі.

"Абслугоўванне сістэм пажарнай аўтаматыкі ў музеі на падставе дамовы праводзілася работнікамі спецыялізаванага прадпрыемства. З гэтай мэтай раніцай таго дня ў музей прыбылі два супрацоўнікі прадпрыемства, 33-гадовы інжынер і 34-гадовы начальнік участка тэхнічнага абслугоўвання. Падчас папярэдняга разгляду ўстаноўлена, што мае месца парушэнне імі як сваіх патрабаванняў службовых інструкцый, так і патрабаванняў нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі", — адзначае прэс-служба СК.

Абодва мужчыны прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе. Расследаванне працягваецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.