Не піў, не курыў, бегаў раней. Што вядома пра мужчыну, які памёр на мінскім паўмарафоне

Аксана і Аляксей Дашыневічы

Аксана і Аляксей Дашыневічы / Інстаграм-акаўнт Аксаны Дашыневіч

Падчас мінскага паўмарафону, які адбыўся 6 верасня, памёр адзін з бегуноў — 50-гадовы Аляксей Дашыневіч. Мужчына ўпаў на 13-м кіламетры дыстанцыі, проста каля Палаца Рэспублікі.

Валанцёры выклікалі хуткую, якая стаяла ў раёне Плошчы перамогі. Праз 10 хвілін Дашыневіч ужо быў у руках медыкаў — і ўвесь гэты час яму спрабавалі дапамагчы бегуны, якія былі побач. Але выратаваць яго не атрымалася.

Еўрарадыё сабрала ўсю інфармацыю пра трагедыю. 

 

“Ён упаў проста каля мяне”

Паводле фінішнага пратакола, Аляксей Дашыневіч, які бег пад стартавым нумарам 2292, сышоў з трасы паміж адзнакамі 12,1 км і 14,6 км. Гэты адрэзак прыкладна адпавядае Кастрычніцкай плошчы.

Відавочцы ў сацсетках паведамляюць, што мужчыну раптоўна стала дрэнна. Удзельніца забегу Яна, якая бегла побач, распавяла: “Ён упаў проста каля мяне... Я павярнула галаву — ён ужо ляжаў. Гэта было каля пункта з вадой.

Хлопцы-бегуны, якія аказаліся побач і падбеглі да яго, крычалі, каб выклікалі хуткую. Тыя, хто раздаваў ваду, крыкнулі: "Ужо тэлефануюць!" Я не бачыла ніводнай хуткай на дыстанцыі". 

Бегаў на доўгія дыстанцыі

Карыстальнікі Threads выказалі здагадку, што да трагедыі магла прывесці адсутнасць фізічнай падрыхтоўкі. Аднак знаёмая загінулага расказала, што Аляксей быў дасведчаным бегуном і рэгулярна пераадольваў доўгія дыстанцыі. Да таго ж, у яго не было шкодных звычак.

Асаблівае абурэнне ў блізкіх выклікала рэакцыя арганізатараў мерапрыемства. Афіцыйная інфармацыя пра здарэнне не з'яўлялася каля сутак.

Больш за гадзіну пасля таго, як астатнія ўдзельнікі фінішавалі, жонка Аляксея Аксана не магла дабіцца хоць нейкіх звестак пра тое, дзе знаходзіцца яе муж. Знаёмыя сям'і адзначылі, што пра смерць мужа жанчына даведалася толькі пасля звароту ў міліцыю.

Цяпер жа здарэнне нарэшце пацвердзіў Следчы камітэт — там праводзяць праверку.

Што вядома пра Аляксея Дашыневіча

Аляксей Дашыневіч нарадзіўся 28 лютага 1976 года ў Расіі, у вёсцы Праабражэнка Арэнбургскай вобласці. На момант забегу яму споўнілася 50 гадоў.

Мужчына быў жанаты на Аксане Дашыневіч. У сваім інстаграм-канале яна пісала, што ў гэтым годзе іх шлюбу споўнілася 28 год, а пазнаёміліся яны 30 год таму. У сям'і двое дзяцей.

Аляксей працаваў галоўным інжынерам ААТ "Армад" і дырэктарам УП ЖЭС-119. 

Таксама Еўрарадыё стала вядома, што Аляксей у 2020 годзе тэлефанаваў у міліцыю з паведамленнем, што з боку Шабаноў, на мосце МКАД, вісіць белая расцяжка з надпісам чорнага колеру “Выганіце Расію”.

Развітанне з Аляксеем абудзецца ў мінскім Саборы Пятра і Паўла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.