Падчас Мінскага паўмарафона памёр чалавек — сацсеткі

Трагедыя на Мінскім паўмарафоне

Трагедыя на Мінскім паўмарафоне / кадр з відэа ў сацсетках

Падчас Мінскага паўмарафона памёр чалавек. Відэа трагічнага інцыдэнту з'явілася ў сацсетках.

Мужчыну стала дрэнна ў сярэдзіне дыстанцыі. Іншыя ўдзельнікі забегу спрабавалі рэанімаваць яго. Мяркуючы па кадрах, трагедыя здарылася на Кастрычніцкай плошчы.

Афіцыйнай інфармацыі пра гэта пакуль што няма. "Арганізатары маўчаць, жонка больш за гадзіну не магла дабіцца ад іх інфармацыі, дзе яе муж: усе прыйшлі да фінішу, а яго няма. Толькі звярнуўшыся ў міліцыю, яна даведалася страшную навіну", — пішуць у Threads знаёмыя загінулага бегуна.

Мяркуючы па відэа, стартавы нумар удзельніка Мінскага паўмарафона, якога рэанімуюць на Кастрычніцкай плошчы, — 2292. Пад гэтым нумарам зарэгістраваны 50-гадовы Аляксей Дашыневіч. Ён і сапраўды не здолеў скончыць дыстанцыю паўмарафона. Мяркуючы па фінішным пратаколе, Дашыневіч сыйшоў з трасы паміж адзнакамі 12,1 км і 14,6 км. Гэта прыкладна адпавядае Кастрычніцкай плошчы.

Мінскі паўмарафон сёлета прайшоў 11-ы раз. На ўдзел у ім зарэгістраваліся каля 30 тысяч чалавек з 40 краінаў свету. Мужчынскі паўмарафон выйграў прадстаўнік Танзаніі Боай Маганга з вынікам 1:04:23, жаночы — кенійка Хільда Кіптум з вынікам 1:11:13.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.