З якімі фармулёўкамі звальняюць беларускіх чыноўнікаў?

"Вызваліць Ладуцька Мікалая Аляксандравіча ад пасады старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта", — так гучыць тэкст указа аб зняцці сталічнага граданачальніка, няма ні прычын, ні далейшых перспектыў.

Кіраўнік дзяржавы прымае шмат кадравых пытанняў. З 2001 года знаходзім 500 указаў, якія закранаюць вызваленні з пасадаў розных чыноўнікаў. Многіх звальняюць па прычыне сыходу ў адстаўку ці перавода на іншую працу. Некаторых без фармулёўкі альбо за дыскрэдытуючыя учынкі.

Еўрарадыё вырашыла паглядзець, каго яшчэ здымалі без тлумачэнняў, і ў якіх выпадках лягчэй вярнуцца да ўлады.

Так, без прычын з пасады знялі рэктара БДУ Аляксандра Казуліна, які потым сышоў у апазіцыю, балатаваўся ў прэзідэнты і трапіў у турму.

Наступны рэктар Васіль Стражаў таксама быў вызвалены без прычыны. Праўда, казалі, што ён сышоў з-за дасягнення межавага ўзросту для заняцца кіруючых пасад. Нягледзячы на гэта, пасля ён стаў кіраваць Інстытутам кітаязнаўства. Чым не кіруючая пасада?

Галіна Жураўкова з пасады кіраўніка справамі прэзідэнта без тлумачэнняў была знятая, пасля атрымала 4 года з канфіскацыяй.

Віктар Галаванаў быў міністрам юстыцыі 10 гадоў, пасля без тлумачэнняў быў зняты з пасады. Цяпер кіруе прыватным Беларускім інстытутам правазнаўства.

Міністра энергетыкі Аляксандра Азярца кіраўнік дзяржавы жорстка раскрытыкаваў і таксама адправіў у адстаўку без фармулёўкі. Той сышоў кіраваць аддзелам бяспекі працы ў прафсаюз энергетыкаў.

На нарадзе ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў Міністра спорту і турызму Алега Качана і адправіў яго ў адстаўку. Таксама без указання прычын вызваленыя ад пасад Міністр гандлю Аляксандр Іванкоў і Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі. Пра іх далейшую кар'еру нічога не вядома.

Сярод знятых з пасад з такой жа фармулёўкай, як у Ладуцькі, а дакладней, без яе, пашанцавала тром высокім чыноўнікам. Мікалай Дамашкевіч з пасады кіраўніка Мінаблвыканкама прызначаны кіраўніком справамі прэзідэнта. Алена Купчына пасля пасольскай працы стала намеснікам Міністра замежных спраў, а Павел Латушка — Міністрам культуры.

Папярэднік Мікалая Ладуцькі, Міхаіл Паўлаў таксама быў звольнены без фармулёўкі прычын. Але вядома, што сышоў ён з-за хваробы.

Цікава, што не ўсе, хто сыйшоў з фармулёўкай "у сувязі з пераходам на іншую працу" займалі нейкія гучныя кіруючыя пасады. Некага адпраўлялі амбасдарам, нехта знікаў з поля зроку СМІ. Але гэтая фармулёўка самая прыемная для чыноўнікаў, бо большасць па ёй прасоўвалася далей па кар'ернай лесвіцы.

Але ёсць выключэнні. Так генпракуроў Рыгор Васілевіч пайшоў на іншую працу — выкладаць у БДУ, намеснік старшыні Белтэлерадыё Аляксандр Мартыненка прэс-сакратаром "Белаграпрамбанк", а Міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў стаў прадстаўніком "РуссНефть" у Беларусі.

Адпраўка ў адстаўку таксама не азначае канец для чыноўкаў. Так з адстаўкі вяртаўся старшыня Нацбанка Пётр Пракаповіч, які цяпер намеснік прэм'ера. Барыс Батура быў адпраўлены ў адстаўку з пасады старшыні Магілёўскага аблвыканкама, а пасля стаў кіраўніком Мінскай вобласці. Але ў 2013 годзе быў вызвалены за "неналежнае выкананне даручэнняў прэзідэнта па мадэрнізацыі "Барысаўдрэў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі