З беларускага рынку адклікаюць французскія лекі ад кашлю

З беларускага рынку адклікаюць французскія лекі ад кашлю

Французская кампанія Les Laboratoires Servier адклікае з рынкаў ўсіх краін, у тым ліку з Беларусі, рэгістрацыйныя пасведчанні на таблеткі і сіроп "Эрэспал". Гэтыя лекі выкарыстоўваюцца для лячэння кашлю і маюць у сваім складзе фенспірыд, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Мінздароўя.

Такое рашэнне французскія вытворцы прынялі атрымаўшы новую інфармацыю наконт бяспекі гэтых лекаў. Дадатковыя даклінічныя выпрабаванні паказалі, што ўжыванне фенспірыду можа верагодна падоўжыць інтэрвал QT, і, адпаведна, з'яўлецца рызыка развіцця арытміі. Хаця клінічная значнасць гэтых новых вынікаў не была цалкам выяўленая, але кампанія-вытворца вырашыла засцерагчыся і адклікаць з рынку прэпараты з гэтым дзеючым рэчывам.

У Мінздароўя кажуць, што фенспірыд быў упершыню выведзены на рынак у 1973 годзе. З таго часу ва ўсім свеце было зарэгістравана пяць выпадкаў падаўжэння інтэрвалу QT, і ўсе яны мелі спрыяльны вынік.

Лекі, якія змяшчаюць фенспірыд, пачалі адклікаць з 12 лютага. 

Для бяспекі пацыентаў Мінздароўя таксама вырашыла прыпыніць продаж і медыцынскае ўжыванне іншых лекаў, якія змяшчаюць фенспірыд. У іх лік трапілі сіроп і таблеткі "Інспірон" (Украіна), сіроп "Сірэсп" (Польшча), сіроп і таблеткі "Фенспірыд" (Беларусь). У ведамстве падкрэсліваюць, што на рынку ёсць альтэрнатыўныя лекі, якія не маюць такой рызыкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі