Вы тут

З 1 чэрвеня пры перасячэнне наземнай мяжы трэба будзе заплаціць

Пункт пропуску "Новая Гута" на беларуска-украінскай мяжы / belkagomel.by

У Гомельскай і Гродзенскай абласцях 1 чэрвеня ўступілі ў сілу рашэнні аб збіранні мясцовых збораў за перасячэнне мяжы.

Пры гэтым у Гомельскай вобласці прыйдзецца плаціць толькі за выезд ва Украіну, у Расію можна будзе выязджаць бясплатна. Кошт пытання — адна базавая велічыня (на сёння 29 рублёў) з аднаго транспартнага сродку. Колькасць пасажыраў на памер збору не ўплывае.

Ёсць шэраг сітуацый, калі ўладальнік аўтамабіля вызваляецца ад выплаты збору. Выплачваць збор не прыйдзецца, калі кіроўца едзе на пахаванне блізкіх, а таксама калі ён з'яўляецца ветэранам ВАВ, інвалідам I і II групы, удзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС і ў шэрагу іншых выпадкаў.

У перспектыве платным стане выезд і праз пункты пропуску ў Брэсцкай обласці. Мясцовыя дэпутаты ўжо прынялі адпаведнае рашэнне. Яно цяпер праходзіць юрыдычную экспертызу.

Пры гэтым, нагадаем, выехаць з краіны праз наземныя пункты пропуску большасць беларускіх грамадзян цяпер не можа — са снежня мінулага года мяжа закрытая. Выпускаюць толькі на пахаванне ці да сур'ёзна хворых сваякоў, а таксама на працу або вучобу, але толькі раз на паўгода. Напярэдадні Дзяржпамежкамітэт удакладніў, што нават часовы від на жыхарства ў іншай краіне не з'яўляецца падставай для выезду — яго ўладальніка па зямлі з краіны не выпусцяць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.