Вы тут

Грошы за выезд за мяжу цяпер хочуць браць і ў Гомельскай вобласці

Пункт пропуску "Новая Гута" / belkagomel.by

Мясцовы збор за перасячэнне мяжы на аўтамабілі будуць браць і ў Гомельскай вобласці. Адпаведнае рашэнне прыняў мясцовы Савет дэпутатаў. Тэкст дакумента апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Браць плату пачнуць з 1 чэрвеня. У апублікаваным дакуменце пазначана, што рашэнне "ўступае ў сілу з 1-га чысла месяца, наступнага за месяцам яго афіцыйнага апублікавання".

Плаціць збор трэба будзе з аўтамабіля: адна машына — адна базавая велічыня (29 рублёў). Пры гэтым не важна, колькі пасажыраў знаходзіцца ў транспартным сродку.

Збор будуць браць пры выездзе з Гомельскай вобласці ва Украіну. У Расію можна будзе выязджаць бясплатна.

У апублікаваным дакуменце таксама пералічаныя шэраг сітуацый, калі ад выплаты збору будуць вызваляць. У прыватнасці, не трэба будзе плаціць за перасячэнне мяжы кіроўцам, якія едуць на пахаванне членаў сям'і і блізкіх сваякоў, а таксама ветэранам ВАВ, інвалідам I і II групы, удзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС і шэрагу іншых катэгорый грамадзян.

Нагадаем, рашэнне аб выплаце збору за перасячэнне мяжы на выезд раней было прынята ў Гродзенскай вобласці. Меркавалася, што браць грошы пачнуць ужо з 1 мая, аднак, па дадзеных тэлеканала "Гродна", гэта  так і не адбылося. Прычына ў тым, что рашэнне гарадзенскіх дэпутатаў яшчэ не прайшоў усе ўзгадненні ў профільных міністэрствах і ведамствах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.