Вы тут

Юрый Васкрасенскі расказаў пра паход у СІЗА КДБ да Эдуарда Бабарыкі

Юрый Васкрасенскі / Наша Ніва

Юрый Васкрасенскі 18 лістапада наведаў у СІЗА КДБ Эдуарда Бабарыку. Спатканне адбылося з дазволу следчых органаў і доўжылася каля гадзіны. 

"Я напісаў хадайніцтва ў следчае ўпраўленне КДБ, і яно было задаволена. Эдуард быў у добрым настроі, у добрай знешняй форме. Я паведаміў яму, што займаюся пытаннем змянення яму меры стрымання. Больш за месяц таму я падаў адпаведнае хадайніцтва аб змяненні меры для Віктара і Эдуарда Бабарыкаў на хатні арышт і маё паручальніцтва", — расказаў Васкрасенскі ў каментары "Нашай Ніве".

Па словах Васкрасенскага, Бабарыка-малодшы не выказаўся супраць таго, каб той займаўся яго пераводам з СІЗА КДБ пад хатні арышт.

Таксама Эдуарда цікавілі падзеі ў Беларусі. "Я расказаў пра няспынныя выхады людзей на вуліцы па нядзелях, расказаў пра наш "круглы стол", — падзяліўся Васкрасенскі.

Па яго словах, сам ён ніякія ўмовы для выхаду Эдуарда Бабарыкі з СІЗА не агучваў. "Якія ўмовы ставіць следства? Гэта ўжо пытанні да самога следства і абвінавачаных", — сышоў ён ад адказу.

Васкрасенскі крытычна ацаніў нядаўняе выказванне Паўла Латушкі пра магчымае вызваленне Віктара і Эдуарда Бабарыкаў з СІЗА КДБ. Ён назваў гэта палітычным хайпам. "У пагоні за палітычным хайпам многія не разумеюць, што пэўныя рэчы трэба рабіць у цішыні. Хайпаваць ужо можна потым, калі ўсё гэта рэалізавалася. Логіка нашай улады такая, што яна нічога не робіць пад прымусам. Калі ідзе ціхі працэс па вызваленні Эдуарда Бабарыкі, а тут вылазіць нейкі апазіцыйны дзеяч, які кажа, што хутка Эдуард Бабарыка павінен быць на волі, то з логікі ўладаў гэты працэс можа адразу спыніцца", — абурыўся Васкрасенскі.

Раней у інтэрв'ю "Комсомольской правде" ён казаў, што такая шуміха можа ўвогуле перашкодзіць вызваленню абодвух Бабарыкаў з-за кратаў. 

Па яго словах, вызваленне Бабарыкі не абмяркоўвалася падчас нядаўняга візіту ў Мінск расійскага міністра Сяргея Лаўрова. Калі б Лаўроў узняў такое пытанне, яно б хутка было вырашанае, упэўнены Васкрасенскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.