Вы тут

Яшчэ адзін удар па свабодзе СМІ — АБСЕ аб прысудзе па справе "0 праміле"

Кацярына Барысевіч / БЕЛТА

Яшчэ адным ударам па свабодзе СМІ ў Беларусі назвала абвінаваўчы прысуд па справе аб "0 праміле" прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэза Рыбейру. Яна пракаментавала вынікі судовага працэсу на сваёй старонцы ў Twitter.

"Я засмучаная пастановай суда, які прысудзіў журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч  шэсць месяцаў пазбаўлення волі. Гэта яшчэ адзін удар па свабодзе СМІ ў Беларусі. Не павінна быць крымінальнага пераследу за прадастаўленне інфармацыі, якая прадстаўляе законны грамадскі інтарэс", напісала Тэрэза Рыбейру.

Кацярыну Барысевіч і лекара Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёма Сарокіна абвінавацілі ў разгалашэнні медычнай таямніцы. Падставай для распачынання крымінальнай справы стаў артыкул журналісткі аб тым, што загінулы пасля затрымання невядомымі на Плошчы Пераменаў Раман Бандарэнка быў цвярозы. Аляксандр Лукашэнка і іншыя чыноўнікі тым часам сцвярджалі адваротнае, што Бандарэнка ў момант затрымання быў п'яны.

2 сакавіка Маскоўскі суд Мінска прыгаварыў Кацярыну Барысевіч да шасці месяцаў пазбаўлення волі і штрафа ў 100 базавых велічынь ( 2900 рублёў), а лекара Арцёма Сарокіна — да 2 гадоў калоніі з адтэрміноўкай пакарання на год. Барысевіч і Сарокін былі затрыманыя ў лістападзе 2020 года, падчас следства знаходзіліся пад вартай. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Пасля абвяшчэння прысуду Арцёма Сарокіна вызвалілі з-пад варты. Кацярына, па словах адваката, павінна будзе правесці ў зняволенні яшчэ крыху больш за два месяца.

Раней з асуджэннем прысуду журналістцы і лекару выступіла амбасада ЗША ў Беларусі. Амерыканская амбасада назвала прысуд "палітычна матываваным" і заклікала "пакласці канец рэпрэсіям супраць мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.