У Румыніі прайшлі ператрусы за пастаўку санкцыйных тавараў у Беларусь

Паліцыя Румыніі

Паліцыя Румыніі / diicot.ro

У Румыніі выявілі пастаўку у Беларусь тавараў падвойнага прызначэння ў абыход санкцый. Расследаваннем займаецца Упраўленне па расследаванні арганізаванай злачыннасці і тэрарызму Румыніі (DIICOT).

30 верасня румынскія праваахоўнікі правялі 12 ператрусаў у жылых дамах у Бухарэсце ды іншых гарадах краіны. У справе фігуруюць восем падазраваных.

Паводле інфармацыі DIICOT, падазраваныя са снежня 2025 года па верасень 2026-га маглі займацца пастаўкамі прамысловага абсталявання падвойнага прызначэння, якое можа выкарыстоўвацца як у грамадзянскіх мэтах, так і для вытворчасці ваеннага абсталявання.

Гаворка ідзе пра вертыкальны такарны станок VL40, які каштуе каля 1,75 млн еўра. Паводле звестак следства, яго спрабавалі перадаць праз пасярэднікаў у трэціх краінах, а канчатковым атрымальнікам была кампанія ў Беларусі. Першапачаткова пастаўшчыкі спрабавалі атрымаць дазволы на экспарт. Калі ім адмовілі, яны працягнулі аперацыю ў абыход санкцый.

Таксама следчыя выявілі, што ў станок унесеныя удасканаленні, каб ён мог выкарыстоўвацца для вытворчасці прадукцыі ваеннага прызначэння.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.