Як Мінск скарыстаўся “Несмяротным палком” у гульні з Масквой

Як Мінск скарыстаўся “Несмяротным палком” у гульні з Масквой

9 траўня ў гарадах Беларусі прайшла народжаная ў Расіі акцыя “Несмяротны полк”. Яго ўдзельнікі прынеслі партрэты не толькі сваіх продкаў-ветэранаў, але і Леніна ды Сталіна. А ў калоне былі заўважаныя людзі ў майках з прарасійскімі малюнкамі ды сімволікай самаабвешчанай “ДНР”. Мінскія ўлады акцыю спачатку забаранілі, але пазней пайшлі насустрач яе арганізатарам з руху “Русь маладая”.

Ці з’яўляецца “Несмяротны полк” часткай гібрыднай вайны, якую вядзе Расія, і ці нясе яна пагрозу незалежнасці Беларусі? Разважае расійскі філосаф Максім Гаруноў.

Максім Гаруноў: Першапачаткова гэтую акцыю прыдумалі не ў Крамлі ― яе прыдумалі самі людзі. Гэта грамадзянская ініцыятыва, а не ўрадавая. І сама ідэя “Несмяротнага полку” скіраваная супраць Крамля, супраць афіцыёзу. Ідэя акцыі ― калі людзі пачытаюць расказваць праўдзівую гісторыю сваёй сям’і. І гісторыя гэтая поўная болі і пакут. Да таго, як “Несмяротным полкам” зацікавіўся Крэмль, гэта была цалкам антыпрагандысцкая акцыя, дзе гісторыя перамогі расказваецца зусім не так, як і прапагандысцкім савецкім ваенным кіно, ці не менш прапагандысцкім новым расійскім кіно. І калі б усё пайшло правільна, дык, дзякуючы “Несмяротнаму полку”, існуючы культ перамогі быў бы разбураны. Бо людзі ганарыліся перамогай сваіх продкаў, іх медалямі, але расказвалі пачутыя ад іх гісторыі вайны, і найчасцей гэтыя гісторыі былі не вельмі прыгожыя. А што мы бачым цяпер у тэлесюжэтах з акцыі “Несмяротны полк”? Вядучы пытаецца ва ўдзельнікаў: “Ці расказваў вам ваш дзядуля пра вайну?” ― і найчасцей чуе адмоўны адказ.

 

Гэта тое, у што акцыя перарадзілася, калі ёй зацікавіўся Крэмль. Яны задушылі тыя маленькія гісторыі пакутаў і болю, якія былі ў кожнага.

 

Да Беларусі гэтая акцыя дайшла менавіта ў такім усечаным, пракрамлёўскім выглядзе. Як яшчэ адзін варыянт праслаўлення СССР, камунізму і імперыі. А вось калі б беларусы правялі гэтую акцыю ў тым фармаце, як яна ад пачатку задумвалася, калі б беларусы прайшлі з партрэтамі сваіх дзядоў-прадзедаў і расказалі праўдзівыя гісторыі таго, што іх продкі перажылі не толькі ў войску ці партызанах, але і пра тое, як іх продкі пацярпелі і ад нямецкіх, і ад савецкіх войскаў, ад зачыстак беларускіх вёсак атрадамі НКУС, калі б такая акцыя стала ў вас традыцыйнай, то ад савецкіх манументаў нічога б не засталося. Але так не адбылося, бо ў Беларусі прайшоў адрэдагаваны і падрыхтаваны Крамлём “Несмяротны полк”.

Еўрарадыё: Як элемент гібрыднай вайны?

Максім Гаруноў: Хутчэй за ўсё, так. Але гэта вельмі недасканалая зброя ў якасці гібрыднай вайны. Для сучаснай Расіі было б лепш, каб гэтай акцыі ўвогуле не было. Яе фармат прадугледжвае расповед індывідуальных гісторый. І як бы акцыю ні цэнзуравалі, гэты фармат ўсё адно працуе. Цяпер імперыя выкарыстоўвае ў сваіх мэтах інструмент, які быў выкаваны для таго, каб яе забіць, і, выкарыстоўваючы “Несмяротны полк”, Расія ўсё адно прайграе.

Еўрарадыё: Беларускія ўлады спачатку не далі дазволу на правядзенне гэтай акцыі, але арганізатары заявілі, што ўсё адно яе правядуць. У выніку акцыю дазволілі ― спрацаваў шантаж?

Максім Гаруноў: Лепш было б, калі беларускія ўлады дапамаглі правесці гэтую акцыю, але ў тым фармаце, як яна першапачаткова задумвалася. Для Расіі гэта было б нашмат страшней ― каб беларусы пачалі расказваць свае гісторыі. З усімі болем, жахамі і страхам, што ёсць у гэтых гісторыях. А адмова ў дазволе на правядзенне акцыі ― гэта нейкі элемент гульні Лукашэнкі з Крамлём. Нібыта, нават у гэтым ён адыходзіць ад Масквы. Але калі б ён сапраўды хацеў насаліць Крамлю і зрабіць яму балюча, дык яму варта было б не толькі акцыю дазволіць, але і зрабіць усё, каб уплыў на яе Масквы быў як мага меншы. Каб у вас запрацаваў інстытут народнай памяці пра вайну. Трэба аддзяляць тых, хто на самой справе ўспамінае свае сямейныя гісторыі, ад палітычна ангажаваных актывістаў, якія так ці інакш працуюць на Маскву. Тое, што да калоны далучыліся нейкія прарасійскія, пракрамлёўскія групы са сваёй дзіўнай культурай любові да тыранаў, не павінна кідаць цень на ўсю акцыю. Вось выкарыстанне сямейных гісторый пра вайну ў сваіх палітычных мэтах ― гэта ўжо ад Расіі ідзе. Але не думаю, што удзел у акцыі адной-двух сотняў моцна палітычна ангажаваных людзей моцна гэтую акцыю сапсуе.

Еўрарадыё: Але калі ў калоне бачыш людзей у майках з надпісамі “Ветлівыя людзі”, “Армія Расіі”, сімволікай ДНР/ЛНР, то стаўленне да яе мяняецца…

Максім Гаруноў: Калі ў хросным ходзе бяруць удзел дзіўныя людзі, якія лічаць, што ерэтыкоў трэба спальваць на вогнішчы, дык яны кідаюць цень на хрысціянства, удзельнікаў хроснага ходу? Думаю, што не. Тым, што да акцыі “Несмяротны полк” прыбіліся гэтыя людзі, яны спрабуюць зрабіць яе прарасійскай. Хаця ніякай парасійскасці ў гэтай акцыі няма, не павінна быць, і таму трэба падзяляць тых, хто сапраўды ўспамінае гісторыі сваіх продкаў, і тых, хто спрабуе з яе зрабіць падмурак для расійскай экспансіі.

Еўрарадыё: Падчас акцый беларускай апазіцыі людзей затрымліваюць за плакаты ці лозунгі, якія “не адпавядаюць заяўленай мэце мерапрыемства” ― партрэты зніклых палітыкаў і палітвязняў. На гэтай акцыі нікога не затрымалі, нягледзячы на “неадпаведнасць заяўленым мэтам” у выглядзе партрэтаў Леніна-Сталіна ды маек “ДНР”…

Максім Гаруноў: Беларускія ўлады ўспрымаюць гэтую акцыю менавіта ў пракрамлёўскім сэнсе, што гэта ініцыятыва Крамля, у якой нічога няма ад грамадзян. І таму, маўляў, прысутнасць на акцыі людзей з партрэтамі Леніна, Сталіна, Берыі ды іншых малапрыемных людзей ― правільна і стылістычна супадае з самой акцыяй. Лукашэнка і мінскія ўлады бачаць за “Несмяротным палком” Крэмль, ініцыятыву, якая працуе ў інтарэсах Крамля. Таму, забараніць акцыі можна, але калі дазволілі, то такое пракрамлёўскае шэсце менавіта так і павінна выглядаць. Гэта сведчанне, што ў вачах беларускіх уладаў у Крамля атрымалася прысабечыць “Несмяротны полк”. А калі б беларускія ўлады зразумелі, што на самой справе з сябе ўяўляе “Несмяротны полк”, то, хутчэй за ўсё, абодвума рукамі за яго ўхапіліся.

Еўрарадыё: Забарона-дазвол ― што стаіць за гэтай гульнёй беларускіх уладаў?

Максім Гаруноў: Мінск пасылае сігнал Маскве, што “мы тут незалежная і суверэнная дзяржава”, і што яны могуць тут практычна ўсё. Ажно да таго, каб забараніць правядзенне вашай “крамлёўскай акцыі”. А гэта моцна, такое сабе дазваляе сёння толькі Украіна. А Лукашэнка паказаў, што калі ён захоча, калі ў гэтым будзе выгада для Беларусі, то ён таксама гатовы акцыю забараніць. Хоць яна потым і была дазволеная, але першапачатковая адмова ў дазволе на правядзенне была сігналам Крамлю. Гэта такая заяўка на новую перамоўную пазіцыю Мінска і Масквы. У выніку акцыю дазволілі, але некалькі гадзін яна ўсё ж была забароненая. Былая калонія нагадала былой метраполіі, што яна такая ж незалежная краіна, як і з пункту гледжання міжнароднага права.

Еўрарадыё: Ці ёсць у “Несмяротным палку” ў яго сённяшнім выглядзе небяспека для Беларусі і беларускасці?

Максім Гаруноў: Калі б “Несмяротны полк” запрацаваў так, як ён першапачаткова задумваўся, то ў Беларусі гэта быў бы цалкам беларускамоўны праект. Бо ўспаміны вашых продкаў, хутчэй за ўсё, былі б па-беларуску. Не літаратурнай мове, як у Якуба Коласа, а на нейкім вясковым дыялекце, але тым не менш. І ў гэтым сэнсе “Несмяротны полк” ніякай пагрозы для беларускай свядомасці не прадстаўляе. Хутчэй, наадварот, бо гаворка ідзе пра людзей, якія жылі ў канцы 30-х, на пачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя. У часы, калі Беларусь была на 90% беларускамоўнай.

Што да пагрозы незалежнасці Беларусі, то да таго часу, пакуль Расія мроіць пра імперыю, гэта пагроза захоўваецца. Відавочна, што галоўная пагроза для беларускага суверэнітэту ідзе з Масквы ― калі незалежная Беларусь і перастане існаваць, то выключна дзякуючы дзеянням Крамля.

Цалкам размову з Максімам Гаруновым можна паслухаць тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі