Вы тут

Віталь Радзівонаў працаўладкаваўся ў "Энергетыку-БДУ"

Віталь Радзівонаў / sb.by

Віталь Радзівонаў працаўладкаваўся ў футбольным клубе "Энергетык-БДУ". Былы спартыўны дырэктар БАТЭ стаў начальнікам сталічнай каманды, ён змяніў на гэтай пасадзе Аляксея Пігулеўскага. "Энергетык-БДУ" займае ў чэмпіянаце Беларусі ў вышэйшай лізе 13-е месца, але маладая каманда мае свой адметны стыль.

Радзівонаву 35 гадоў. Ён выступаў за БАТЭ 12 гадоў з невялікім перапынкам, калі ў 2009-м быў у нямецкім "Фрайбургу". Меў мянушку Прафесар. Пасля заканчэння кар'еры гульца ў пачатку 2018-га стаў спартовым дырэктарам барысаўчан. Аднак у пачатку красавіка сёлета нечакана сышоў з БАТЭ. Ён заявіў, што ў яго "накапілася стома" і ён "вырашыў паспрабаваць нешта новае".

Цікава, што ў трэнерскім штабе "Энергетыка-БДУ" працуюць тры былыя футбалісты БАТЭ — Генадзь Блізнюк, Аляксандр Паўлаў і Арцём Радзькоў. З імі у свой час гуляў Радзівонаў.

Віталь Радзівонаў мае дзве вышэйшыя адукацыі: ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізкультуры па спецыяльнасці "трэнер па футболе" і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці "эканаміст-менеджар". Спартыўны функцыянер вядомы сваім прыхільным стаўленнем да беларускай мовы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.