Віцебску падаравалі "расійска-беларускага" клоуна

Падарунак у выглядзе скульптурнай выявы клоуна вырашыў зрабіць Віцебску вядомы расійскі артыст, стваральнік цырку Circus Bizarre Мікалай Чалнакоў.
За ўласныя сродкі ён замовіў скульптуру мясцоваму мастаку Івану Казаку. Клоун павінен увасабляць яднанне дзвюх дзяржаў — Беларусі і Расіі, таму асаблівую ўвагу мастак надаваў "агульнаславянскай" знешнасці персанажа.

Па словах Чалнакова, такім чынам ён вырашыў падзякаваць Віцебску за тыя прыемныя часы, што праводзіць тут, прыязджаючы на "Славянскі базар". Дарэчы, менавіта ў Віцебску Чалнакоў колькі год таму закахаўся і ажаніўся з мясцовай дзяўчынай.

Плануецца, што клоуна паставяць побач з Музычнай гасцёўняй, а яго копію Чалнакоў вырашыў падарыць Парыжу.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск