Вы тут

Варажбіткі супраць дыктатуры: калі прадракаюць змену ўлады ў Беларусі

Мяркуючы па ўсім, зоркі цяпер не вельмі прыхільныя да Лукашэнкі

Што будзе далей з палітычным крызісам у Беларусі, не бярэцца адназначна сказаць ні адзін эксперт. Але астролагі, таролагі і іншыя знаўцы тагасветных матэрый канкрэтныя прагнозы даваць не баяцца. Еўрарадыё вывучыла, якое вырашэнне сітуацыі бачаць варажбіткі і прарокі і калі ж у краіне зменіцца ўлада.

Нядобрыя карты і знакі

Амерыканскі прарок Джэф Янсэн на адным з мерапрыемстваў з расійскімі паслядоўнікамі выказаўся пра тое, што будзе да канца гэтага года ў Беларусі:

— У 2020 годзе будзе пераход улады. Ён [Бог. — Еўрарадыё] кажа: я памазаў свайго цара на сваёй святой гары, гары славы, і я буду рухаць Беларусь да вялікай сілы. І не бойцеся, — прарочыць Янсэн.

Ён перакананы, што гэты год абяцае краіне перамены. Больш таго: "...і будзе свабода ў 2020-м".

Астролаг Таццяна Калініна зрабіла адразу некалькі прагнозаў па Беларусі, усе — вельмі падрабязныя.

— З красавіка 2021-га Юпітэр у першым доме, гэта добры знак для беларусаў... Бог з краінай, нейкае паляпшэнне і справядлівасць, якая прыходзіць у дом.

Пры гэтым "найглыбейшы крызіс" пачаўся ў краіне з 9 лістапада і будзе доўжыцца да 21 лютага — астролаг называе гэта "перыядам Кету".

— Карта [астралагічная. — Еўрарадыё] зусім нядобрая для прэзідэнцтва. 10-ы дом улады вельмі слабы, паражаны Марсам і Сатурнам, Сонца ў 12-м доме выгнання.

Падводзячы вынік, Калініна бачыць змену ўлады ў Беларусі на пачатку 2021 года. Адной з памылак Лукашэнкі, якая прывядзе да расставання з уладай, і Таццяна, і многія іншыя астролагі называюць выбар даты інаўгурацыі.

— 23 верасня сонца знаходзілася ў 1-м разбуральным градусе Шаляў. Які ж ідыёт параіў Лукашэнку прызначыць інаўгурацыю на такую дату! Неабавязкова быць выдатным астролагам, каб разумець, што нельга праводзіць падобныя мерапрыемствы ў дзень, калі планета царавання — Сонца — знаходзіцца ў разбуральным градусе, — кажа пра інаўгурацыю Лукашэнкі ўкраінскі астролаг Улад Рос.

Рос дадае, што не бачыць Лукашэнку ва ўладзе налета: "Да канца 2020-га ён сыдзе".

Хутчэй за ўсё, ён сыдзе

Па перспектывах адыходу Лукашэнкі ў фіналіста 18-га сезона "Бітвы экстрасэнсаў" Аляксандра Кінжынава расплывісты прагноз.

— Як я і казаў раней у сваіх прадказаннях, нягледзячы на тое, што Лукашэнка выйграў выбары, да канца прэзідэнцкага тэрміну гэтым разам ён пасаду займаць не будзе. Магчымыя некалькі варыянтаў: добраахвотны адыход з пасады, зняцце з сябе паўнамоцтваў праз ціск народных мас, стан здароўя. Пра самыя сумныя прычыны датэрміновага зняцця паўнамоцтваў прэзідэнта з Аляксандра Лукашэнкі я гаварыць не хачу, занадта далікатная тэма. Але нічога не выключаю.

Але ёсць і больш даўнія прадказанні, актуальныя сёння. Так, у 2013-м азербайджанская экстрасэнс Галіна Багірава казала, што змена ўлады ў Беларусі адбудзецца менавіта праз "палітычныя хваляванні". Але яшчэ за тры гады да таго яна рабіла іншае прадказанне. Яшчэ больш цікавае:

— На яго месца стане зусім іншы чалавек. Ён нават вонкава іншы. Вонкава ў яго не такія вострыя рысы, у яго больш круглявыя рысы твару, больш інтэлігентны чалавек, — казала Багірава. Нікога не нагадвае?

Досыць няясныя прагнозы ў двух вядомых расійскіх астролагаў. Так, Павел Глоба раней заяўляў пра тое, што Лукашэнка спакойна будзе ва ўладзе 50 гадоў. А Святлана Драган у жніўні прадракала сур'ёзныя перамены ў канцы снежня — пачатку студзеня, але яна звязвае падзеі толькі з працэсам інтэграцыі з Расіяй. Ніякіх хваляванняў гэтыя персанажы ў Беларусі не прадвяшчалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.