Вы тут

Ва ўзросце 90 гадоў памёр вядомы мовазнаўца Павел Сцяцко

Павел Сцяцко / svaboda.org

У Гродне памёр вядомы мовазнаўца Павел Сцяцко, перадае Радыё "Рацыя". Зусім нядаўна, 5 сакавіка, ён адзначыў сваё 90-годдзе. 

Павел Сцяцко быў вядомы як мовазнаўца і педагог. Ён працаваў у Мінскім педінстытуце, Гродзенскім і Гомельскім дзяржуніверсітэтах. 21 снежня 1962 года абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму лексікі гаворак Зэльвенскага раёна. 

Сцяцко быў рэдактарам навуковага альманаха "Гродзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры", уваходзіў у рэдкалегіі выданняў "Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта", часопіса Міністэрства адукацыі "Роднае слова", "Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта”, "Białostocki Przegląd Kresowy", "Русский язык". 

У мовазнаўстве Сцяцко найбольш вядомы як прыхільнік пурызму — барацьбы за чысціню беларускай мовы. Шмат намаганняў ён прыклаў у барацьбе супраць русіфікацыі беларускай мовы. Найбольшую вядомасць набыў яго падручнік "Культура мовы". 
 
У навуковым даробку лінгвіста — больш за 600 апублікаваных прац, у тым ліку больш за 30 кніг і 6 брашураў (з іх 5 манаграфіяў, 5 слоўнікаў, 18 навучальных дапаможнікаў і падручнікаў для ВНУ і сярэдніх спецыяльных вучэльняў). 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.