Уявіце, што канферэнцыя “Новая Беларусь” — гэта бар. Рэпартаж
Рэпартаж з канферэнцыі “Новая Беларусь” / Euroradio / euroradio.fm/LookByMedia
Уявіце, што канферэнцыя “Новая Беларусь” — гэта бар. І вось заходзяць неяк у бар Ціханоўская, Латушка, Бабарыка, Севярынец і яшчэ чалавек трыста.
Сярод іх — карэспандэнтка Еўрарадыё, якая два дні правяла на канферэнцыі і дзеліцца ўражаннямі.
Дык вось, гэта бар
У 2022 годзе, калі ён толькі адкрыўся, гэта быў вельмі модны бар: варта было туды трапіць — і далей усё складвалася неяк само сабой.
Размовы былі цікавымі, тэмы — свежымі: упершыню стваралі ўрад у выгнанні, амаль упершыню абмяркоўвалі, ці можна вызваліць краіну сілавым шляхам, усур’ёз гаварылі пра пашпарт “Новай Беларусі”. Было шмат новых твараў, увесь час даводзілася кагосьці гугліць. Што там за стартап у Таццяны Зарэцкай, якую прызначылі кімсьці накшталт міністра эканомікі? Што там за “беларускі Чэрчыль”, якога паабяцаў Вадзім Пракоп’еў?
Журналісты лавілі ў калідорах самых важных спікераў, не кажучы ўжо пра тое, што ўсе былі вельмі прыгожа ўбраны. Калі цябе не было ў гэтым бары, значыць, цябе не было ў палітычным працэсе, таму на сцэне выступаў нават заўсёды незадаволены, але ўсё роўна прыбраны Іван Краўцоў.
— Яны кажуць: нам не цікава, што адбываецца ў дэмакратычнай супольнасці. І мы бачым шмат сігналаў, якія гэта пацвярджаюць. І вось я хацеў бы думаць і абмяркоўваць, што трэба зрабіць, каб вярнуць тую сілу і тую каштоўнасць, якія былі ў апазіцыі ў пачатку 20-х, — сказаў Бабарыка.
Тут жа адбылася першая пікіроўка. Латушка агучыў сваю стратэгію (санкцыі, ціск) — увогуле, праявіў настойлівасць, якую дэманструе ўжо пятую канферэнцыю запар, нічога не мяняючы ў сваім выступленні.
Праўда, выкарыстоўваючы свежыя метафары: на гэты раз палітык сказаў, што мы не павінны дазволіць зацягнуць ЕС на абед да Лукашэнкі, дзе стравай будзе беларускі народ.
— Я не хачу быць стравай, я хачу быць суб’ектам, — заявіў Латушка, а потым павярнуўся да Бабарыкі і сказаў, што ў іх розныя сябры, і Пал Палыч са сваімі таксама размаўляе.
А больш пікіровак не было ажно да самага закрыцця канферэнцыі, хоць у праграме значыліся дэбаты.
Дэбаты сапраўды адбыліся: гаварылі пра тое, як праводзіць люстрацыю, і пра тое, ці трэба надаваць прыярытэт развіццю беларускамоўнай культуры, ці дастаткова проста культуры. Тэмы, быццам, вострыя, аднак ніхто адзін з адным не спрачаўся. Часам спікеры нават казалі, што іх штучна развялі па розных пазіцыях, а насамрэч яны больш-менш заадно.
Аляксандр Фядута і Кацярына Ваданосава павінны былі счапіцца вакол тэмы першаснасці беларускай мовы. Тэма была сфармулявана настолькі востра (“Загончык беларушчыны vs Беларусь перадусім”), што Наста Рагатко нават адмовілася ўдзельнічаць. Але і тут сутыкнення не адбылося.
— Вы як быццам і не дэбатавалі, — скардзіцца карэспандэнтка Еўрарадыё Фядуту на яго самога і Ваданосаву.
— Прабачце, а якія пытанні паміж намі павінны былі выклікаць дыскусію? Справа была ў нюансах. А па прынцыповых пытаннях у нас згода. У нас аднолькавае бачанне месца Беларусі на культурнай карце Еўропы, аднолькавае стаўленне да беларускай мовы, — адказвае Фядута.
Уключыць рэфлексіўны рэжым: “Мы-то ёсць, але якія мы ёсць?”
“Новая Беларусь” праходзіла як бы ў двух памяшканнях: у вялікай зале, дзе ёсць панэльныя дыскусіі і магчымасць задаць пытанне ў мікрафон, і ў памяшканні паменш. У другім былі кава, печыва, чызкейкі… і дыскусіі — шчыра кажучы, часам цікавейшыя, бо ў галоўнай зале з дыскусіямі неяк зусім не склалася.
Здаецца, нават калі б з’явілася панэль “Беларусь vs Беларуссія”, усё роўна ўсе неяк дамовіліся б.
Да другога дня з’явілася адчуванне, што заўсёднікі гэтага старога беларускага “бара” ставяцца адзін да аднаго з нейкай падкрэсленай беражлівасцю. І вось незразумела: ці баяцца, што можа апусцець яшчэ адзін столік, ці проста таму, што столікі “апазіцыі да апазіцыі” ўжо і так апусцелі, і цяпер на канферэнцыю ходзяць толькі тыя, каму няма пра што спрачацца.
Фядута не згодны. Ён кажа, што ў старой беларускай апазіцыі вялікі досвед жыцця ў апазіцыі адзін да аднаго, і не трэба гэты досвед пераймаць.
— Цяпер Лукашэнка нас усіх выкінуў з краіны і аб’яднаў, — лічыць Фядута.
Але ўвогуле атмасфера на “Новай Беларусі” ў гэтым жніўні адрозніваецца не толькі ад той, што была 5 гадоў таму, але нават ад леташняй, калі Лукашэнка ўжо ўсіх выкінуў з Беларусі, а потым яшчэ і раз’яднаў.
Год таму, напрыклад, прадстаўнік “Белпола” Уладзімір Жыгар памятна паспрачаўся з Іванам Краўцовым і прапанаваў аплаціць таму білет да Беларусі, каб Іван адтуль і вёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.
На гэты раз ні Краўцова, ні каго-небудзь яшчэ, з кім Жыгар мог бы паспрачацца, на канферэнцыі не было. Усе такія тактоўныя, што хоць ты правакуй.
— Не сумна? — правакую Жыгара.
Яму не сумна, і ён не згодны, што на “Новай Беларусі” сёлета няма розных поглядаў.
— Вунь стаяць людзі, якія выступаюць за дыялог (з рэжымам — Еўрарадыё), — Жыгар ківае на далёкі столік. — Але пазіцыя тых, хто тут знаходзіцца, дазваляе не сварыцца, нашы пазіцыі не такія ўжо далёкія адна ад адной. І тут не ўсе на сто працэнтаў па усіх пытаннях адзін з адным згодныя. Але ў прынцыпе мы нармальна размаўляем, не пераходзім меж. Ну а з тымі людзьмі, якія займаюцца адбельваннем Лукашэнкі, — што нам рабіць з імі на адной пляцоўцы?
Імёны тых людзей не гучаць, але няцяжка здагадацца, каго няма на канферэнцыі. Няма, напрыклад, Валерыя Кавалеўскага, які разам з кааліцыяй выступае за гуманітарныя перамовы з Лукашэнкам дзеля вызвалення палітвязняў. Ён нават ніводнага паста ў Фэйсбуку з хэштэгам канферэнцыі не зрабіў (гэта значыць, больш не ходзіць у гэты бар).
Марыі Калеснікавай таксама няма — яна ў гэтым бары ўвогуле ні разу не была, гэта яе першы шанец прыйсці сюды пасля вызвалення, і прысутнасць Віктара Бабарыкі нібы падкрэслівае яе адсутнасць.
Затое ёсць адна з ініцыятарак стварэння Асацыяцыі сваякоў палітвязняў Святлана Мацкевіч. Тое, што карэспандэнтка Еўрарадыё называе “сумнаватым”, Мацкевіч фармулюе як “не хапае рэфлексіўнага рэжыму”.
— Мы гаворым пра Круглыя сталы (з рэжымам — Еўрарадыё), але ўнутры сябе не можам арганізаваць ніякага Круглага стала. І калі мы не можам гэтага зрабіць у сваім асяроддзі, то як можна марыць пра Круглы стол з рэжымам? Калі мы не гатовыя паглядзець у вочы іншаму, пачынаем яго выхоўваць, то мы проста адлюстроўваем рэжым, інерцыйна паўтараем яго, — кажа яна карэспандэнтцы Еўрарадыё.
Круглага стала няма, але ёсць круглыя столікі, вакол якіх палітыкі збіраюцца на смол-токі. Мацкевіч кажа, яны дапамагаюць убачыць, што “мы ёсць”, але гэтага мала — трэба яшчэ прыгледзецца, каб зразумець, якія мы менавіта.
“Быццам бы разам, але спрабуем укалоць”
Першы дзень канферэнцыі “Новая Беларусь” скончыўся ў сапраўдным беларускім бары. На афтэпаці прыехалі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка. Хтосьці і тут усё роўна скардзіўся, што сумнаватa.
У цэлым першы дзень канферэнцыі карэспандэнтка Еўрарадыё правяла гэтак жа: скардзілася, што ёй сумнавата, а потым па парадзе Мацкевіч уключыла “рэфлексіўны рэжым”.
Не, сур’ёзна, на КНБ усё праўда было як у бары. Хтосьці стаіць каля сцяны і скардзіцца, што вечарына нудная. Хтосьці ўгаворвае: ды не, весела ж! Хтосьці шкадуе, што не прыйшлі сябры. З іншага боку, ніякіх п’яных боек. Хтосьці выстраіўся, хтосьці — у кэжуал.
Вядучыя прапануюць зале прагаласаваць за “рагачоўскую” ці “глыбоцкую” згушчонку. Гэта як старыя плакаты з пошлымі цытатамі кшталту “Life is too short to drink bad wine” над барнай стойкай, але ты думаеш: ладна, яны тут так даўно вісяць, што ўжо нават не раздражняюць.
Вось у 2022-м, калі прайшла першая канферэнцыя, многія хацелі такі ж “бар”. Расіяне, напрыклад, вельмі хацелі. Яны нават паспрабавалі ўсё скапіраваць у беларусаў і зладзілі дакладна такую ж канферэнцыю — нават сцяг узялі таксама трохкаляровы, бела-сіне-белы, але чамусьці не пайшло.
Цяпер грошай на бар ні ў кога няма, нейкай альтэрнатывы КНБ ніхто не пабудаваў, але і гэты бар ужо як бы не такі модны, многія ў яго ўжо не ходзяць. Мадней цяпер нават адмовіцца пайсці на КНБ, чым пайсці на яе, бо ну што такога ў тым, каб пайсці на канферэнцыю, дзе, акрамя цябе, будзе яшчэ 350 чалавек? Ну скажуць журналісты ў Фэйсбуку, што сабралася эліта, а лепш бы ўключылі рэфлексіўны рэжым.
Ад усяго гэтага становіцца крыху сумна. З’яўляюцца думкі: ну прапрацуе КНБ яшчэ пару гадоў — і што потым? Бар зачыніцца? На новы ж грошай ні ў кога няма.
У канцы канферэнцыі прысутных папрасілі ўстаць для выканання гімна. Прайшоў шэпт: якога? Гімнам арганізатары выбралі “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
Вось, можа, за гэта, а не за згушчонку і дранікі, можна было б галасаваць на платформе “Тры сланы” цягам двух дзён канферэнцыі? Калі добра падумаць, то можна знайсці некалькі тэм, дыскусіі па якіх сапраўды былі б цікавейшыя за галасаванне наконт дранікаў і “рагачоўскай”.
— Мне хацелася б больш дыялогу. Я адчуваю раз’яднанасць — тое, да чаго рэжым і імкнуўся. Быццам бы ўсе разам, але гаворым пра рознае і стараемся адзін аднаго ўкалоць. Робім тое самае, што робіць рэжым, — дзеліцца са мной Таццяна Крапіневіч.
Дарэчы, Еўрарадыё хацела б папрасіць Віктара Бабарыку і Паўла Латушку пераслаць сваім сябрам гэты тэкст — хочам ацаніць, наколькі яны ў вас розныя.