“Спроба пабудовы базавага даверу”. Польскі журналіст пра сустрэчу Сікорскага з Рыжанковым
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі са Святланай Ціханоўскай / @anna.krasulina
Беларускі рэжым можа зрабіць так, каб мігранты не штурмавалі мяжу з Польшчай. Можа папярэдзіць пра тое, што ў бок суседзяў кіруюцца расійскія дроны. Але што яшчэ?
Кіраўнік беларускага МЗС Максім Рыжанкоў днямі сустрэўся са сваім польскім калегам Радаславам Сікорскім на палях сесіі Генасамблеі ААН. Якімі былі мэты гэтай сустрэчы? Для праграмы Еўрарадыё “Сэнсы дня” абмеркавалі гэта з польскім журналістам і экспертам па Усходняй Еўропе Міхалам Патоцкім.
— Што кажуць польскія палітолагі пра “пралескавую дыпламатыю” Сікорскага і яго сустрэчы з Рыжанковым у Нью-Ёрку?
— Рэакцыі залежаць ад таго, каго мы чытаем — канкурэнтаў ці прыхільнікаў сённяшняй улады. Але ў канкурэнтаў ёсць моцны аргумент. Мы спрабавалі дамаўляцца з рэжымам Лукашэнкі шмат разоў. Калі паглядзім на апошнія спробы, заўважым адну і тую ж памылку. Мы падыходзілі да дамоўленасцей без сумленнай падрыхтоўкі.
Я нічога не маю супраць ідэі дыялогу. Але Беларусь знаходзіцца ў настолькі цеснай кааперацыі з Расіяй, якая ўжо пачала эскаліраваць халодную вайну супраць Польшчы, што пачынаць сёння дыялог з Беларуссю рызыкоўна. Бо Беларусь будзе так ці інакш уключана ў эскалацыю супраць Еўропы.
Таму мы можам дамаўляцца пра нейкія канкрэтныя крокі. Ты нешта робіш — мы нешта робім у адказ, бо, пакуль узровень даверу нулявы, немагчыма дамаўляцца пра нейкія сістэмныя перазагрузкі ці сістэмную нармалізацыю. А значыць, ацэнка таго, наколькі гэта добра ці кепска — сустракацца з Рыжанковым у Нью-Йорку, — залежыць ад узроўню падрыхтоўкі і ад таго, якія мэты мы сабе паставілі.
Крытыкі гэтай сустрэчы кажуць пра наіўнасць. Калі мы ступаем на шлях, які ўжо праходзілі ў 2010-м годзе пры гэтым жа міністры, гэта кепска. Але маю надзею, што Радаслаў Сікорскі памятае памылкі, якія сам рабіў у 2010 годзе, таму што, апроч сустрэчы з Рыжанковым, ён таксама кантактаваў са Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі дэмсіл. Пажывём — пабачым.
Але калі мы больш рацыянальна да гэтага падыходзім, магчыма, нейкія дробныя рэчы зможам атрымаць. Але я скептычны.
— Якімі могуць быць мэты Польшчы?
— Першая і галоўная — зарыентавацца, наколькі мы можам весці дыялог у сітуацыі чакання эскалацыі. Беларусь можа зрабіць так, як зрабіла ў верасні 2025 года, — скантактавацца з намі, даведаўшыся, што дроны ідуць на Польшчу. А могуць гэтага не зрабіць, як гэта было, калі нядаўна дроны паляцелі на Літву. Альбо рэжым можа зрабіць так, каб міграцыйны крызіс не вярнуўся на мяжу з Польшчай.