Фінляндыя вылучыць яшчэ 100 тысяч еўра на дапамогу беларускім палітвязням

Святлана Ціханоўская і Пасі Раяла

Святлана Ціханоўская і Пасі Раяла / прэс-служба Ціханоўскай

Фінляндыя вылучыць дадаткова 100 тысяч еўра на дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Сродкі будуць накіраваныя праз Міжнародны гуманітарны фонд і беларускія праваабарончыя арганізацыі, якія дапамагаюць палітвязням, вызваленым і іх сем’ям.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай. Напярэдадні ў Нью-Ёрку на палях Генеральнай асамблеі ААН кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета правяла сустрэчы з міністаркай замежных справаў Фінляндыі Элінай Валтонен і палітычным дзяржаўным сакратаром МЗС Пасі Раялам.

Пасля сустрэчы фінскі бок паведаміў пра вылучэнне сродкаў. Гэта ўжо другі ўнёсак Фінляндыі ў Міжнародны гуманітарны фонд.

Таксама падчас сустрэч абмяркоўваліся далейшыя намаганні па вызваленні палітвязняў, сітуацыя з бяспекай у Беларусі і рызыка далейшага ўцягвання краіны ў расійскую вайну супраць Украіны. У гутарцы з дзяржаўным сакратаром Ціханоўская ўзняла праблемы беларусаў, якія жывуць у Фінляндыі, — пратэрмінаваныя пашпарты, дакументы і легалізацыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.