Уводзіць плату за перасячэнне мяжы ў Брэсце пакуль не плануюць

Пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы / sb.by​
Пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы / sb.by​

У Брэсце пытанне аб увядзенні збору з грамадзян, якія перасякаюць мяжу на аўтамабілі, пакуль не разглядалася, заявіў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.

"Пазначаная гіпатэтычная магчымасць увядзення гэтага падатку — ніякіх рашэнняў пакуль прымаць не будзем", — цытуе яго газета"Вечерний Брест".

Пры гэтым Рагачук сказаў, што ў гісторыі горада ўжо быў "такі мясцовы падатак, які дазваляў зрабіць максімальна камфортным знаходжанне людзей на мяжы".

"За гэтыя грошы ажыццяўлялася ўборка тэрыторыі, былі іншыя рэчы бытавога камфорту. Таму, калі такі падатак усё ж будзе ўведзены, мы зробім яго мэтавым зборам", — сказаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама.

Па яго словах, гэтыя грошы будуць накіраваныя перш за ўсё на добраўпарадкаванне памежнага пераходу "Брэст".

У сярэдзіне снежня першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко распавёў, што для кампенсацыі выдаткаў праз COVID-19 мяркуецца прыняць шэраг захадаў — у тым ліку дазволіць мясцовым саветам дэпутатаў уводзіць мясцовы збор за перасячэнне мяжы машынамі вагой да 5 тон. Памер плацяжу не павінен будзе перавышаць пры гэтым 3 базавых велічынь, гэта значыць 81 рубель.

Нагадаем, з 21 снежня большасць беларускіх грамадзян у прынцыпе пазбаўленыя магчымасці выязджаць з Беларусі праз наземныя пункты пропуску. Беларускія ўлады назвалі гэтую меру часовай. Але пры гэтым для шэрагу катэгорый грамадзян зрабілі агаворку, што яны могуць выязджаць з краіны не часцей за адзін раз за 6 месяцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі