Вы тут

“Урэшце, краіна нічога не губляе”. Як дэпутаты спрачаліся пра IT-дэкрэт №8

Васіль Мацюшэўскі, фота racyja.com

14 чэрвеня першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі прадстаўляў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў дэкрэт “Аб развіцці лічбавай эканомікі”. Аляксандр Лукашэнка падпісаў дакумент яшчэ 21 снежня 2017 года, таму сённяшняе з’яўленне віцэ-прэм’ера ў Доме ўрада, па вялікім рахунку, было чыста тэхнічным: дэпутатам прапанавалася ўхваліць дэкрэт, які ўжо даўно ўхвалілі без іх.

Звычайна гэтая працэдура адбываецца хутка, ціха і без лішніх пытанняў — хіба што наконт сумнавядомага “антыдармаедскага” дэкрэта ў свой час узніклі спрэчкі. І вось ізноў.

 

“Вы так падрабязна нам тут пра ўсё распавялі, што ў мяне… з’явіліся сумневы”

 

Васіль Мацюшэўскі доўга і падрабязна распавядае дэпутатам пра сутнасць і мэту так званага “ІТ-дэкрэта”. Кажа, які ён “прарыўны” і як моцна нам неабходны ў часы сусветнай вайны за мазгі айцішнікаў. Успамінае пра сотню рэзідэнтаў, якія за пяць апошніх месяцаў (натуральна, пасля таго як “прарыўны дэкрэт” быў падпісаны) зарэгістраваліся ў Парку высокіх тэхналогій, пра 1,3 мільярда долараў выручкі, якую ПВТ прынёс за мінулы год, пра тое, як шмат айцішнікі плацяць падаткаў у бюджэт і як шмат грошай трацяць унутры краіны.

Дэпутаты ўважліва слухаюць віцэ-прэм’ера. Здаецца, усё ідзе добра і дэкрэт “Аб развіцці лічбавай эканомікі” сустрэнуць дружным падыманнем рук. Так-так, у адной IT-краіне Авальная зала, дзе звычайна засядаюць дэпутаты, закрылася на рамонт, таму за IT-дэкрэт даводзіцца галасаваць па старынцы. Але найперш слова бярэ лідар “праўладнай” Патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч:

— Вы так падрабязна нам тут пра ўсё распавялі, што ў мяне… з’явіліся сумневы. І я маю на гэта права! Вы шмат гаварылі пра Парк высокіх тэхналогій, але ніводнай лічбы я так і не пачуў. Я прыблізна ўяўляю, як працуюць ІТ-кампаніі, і сказаць, што там вялізныя змены за апошнія пяць месяцаў адбыліся, не магу. У мяне сумневы: ці не акажацца гэты праект надзіманым шарам, які нечакана лопне? І для ўсіх нас, дэпутатаў, якія, я ўпэўнены, не да канца разумеюць, што вы прапануеце “касмічную будучыню”. Калі ёсць канкрэтныя лічбы, што нам прынёс за гэтыя гады гэты праект [ПВТ. — Еўрарадыё], дык я хацеў бы іх пачуць, — нечакана выдае экс-кандыдат у прэзідэнты Улаховіч.

 

“Галоўнае, што мяне здзіўляе: а што можа лопнуць?”

 

Востры на язык віцэ-прэм’ер спрабуе патроліць дэпутата ў адказ. Маўляў, дэкрэт гэты так доўга і так шырока абмяркоўваўся, што паўтараць лічбы, якія неаднаразова гучалі, ён не лічыць мэтазгодным.

— Але калі вы хочаце лічбы — значыць лічбы. Па-першае, я сказаў, што выручка за 5 месяцаў вырасла на 30% адносна высокай базы мінулага года. Калі жадаеце, дык давайце апераваць лічбамі. Вы прыблізна ўяўляеце, колькі наш машынабудаўнічы сектар генеруе экспартнай валютнай выручкі? Дык вось, адносна невялікі Парк высокіх тэхналогій з адносна невялікай колькасцю супрацоўнікаў даў летась 1 мільярд 300 мільёнаў экспартнай выручкі. І сёлета дынаміка пазітыўная. Але самае галоўнае: тое, што зарабляюць гэтыя людзі, яны трацяць у гэтай краіне — яны стымулююць некалькі сектараў эканомікі. Я магу пра гэта гадзінамі гаварыць, але вось галоўнае, што мяне здзіўляе: а лопнуць што можа?

— Ваш праект лопне! — не здаецца Улаховіч.

Першы віцэ-прэм’ер, відаць, не прывык, каб яму пярэчылі публічна. Таму ён працягвае адказваць тонам “гэта ж і пяцікласніку зразумела”:

— Па-першае, гэта не мой праект, а дзяржаўны. Па-другое, я ніяк не магу зразумець: што ж можа лопнуць?! Бо дзяржава ў гэты праект не ўклала ні капейкі грошай…

— Такога не бывае, каб не ўклалі ні капейкі грошай і нешта было!

 

“Гэта ўсё зразумела, але што мы праз 5 гадоў павінныя ўбачыць?”

 

Сітуацыя відавочна выходзіць з-пад кантролю. Ініцыятыву спрабуе перахапіць спікер парламента Уладзімір Андрэйчанка.

— Я маю права сумнявацца! — працягвае абурацца Улаховіч.

— Мы ўсе маем права сумнявацца, але давайце неяк аргументаваць сваю пазіцыю, — рэагуе Мацюшэўскі.

— Я хачу канкрэтыку пачуць, — незадаволена бурчыць Улаховіч: у яго ўжо забралі мікрафон, і ён сядае на месца.

— Канкрэтыку ў чым?! Я афіцыйна заяўляю, што дзяржава не ўклала туды ні капейкі! — Мацюшэўскі ўсё чуе і пакідае апошняе слова за сабой.

Ну, ці спрабуе пакінуць. Бо Улаховіча нечакана падтрымлівае дэпутатка Вольга Палітыка:

— Пытанне маім калегам не было б зададзенае, калі б вы ў сваім дакладзе канкрэтна назвалі крытэры, па якіх мы будзем ацэньваць эфектыўнасць рэалізацыі дэкрэта №8. Так што, калі ласка, назавіце гэтыя крытэры.

Віцэ-прэм’ера працягвае здзіўляць няўважлівасць дэпутатаў.

— Я іх ужо, здаецца, назваў. Гэта і аб’ём валютнай выручкі, і доля валютнай выручкі ў агульнай экспартнай валютнай выручцы Беларусі. Гэта колькасць занятых у ІТ-галіне…

— Дык колькі мы хочам чаго мець?

— Я ўжо казаў! Калегі, я, здаецца, дакладаў, а вы мяне не чуеце! Дэкрэт — ён пра ўмовы. Якія мы павінныя сфармаваць ва ўмовах нявызначанасці ў эканоміцы сусветнай… Наша задача — перацягнуць сюды найбольш кваліфікаваныя каманды, стварыць для іх умовы пражывання...

— Гэта ўсё зразумела, але што мы праз 5 гадоў павінныя ўбачыць? Як мы мусім ацэньваць эфектыўнасць?

За высокага госця ізноў вымушаны заступацца кіраўнік парламента Андрэйчанка:

— Васіль Станіслававіч сказаў жа ўжо — летась было мільярд трыста!..

— Добра, а праз 5 гадоў мы колькі плануем мець? — не здаецца дэпутат.

Віцэ-прэм’ер напружваецца і апускае вочы, Андрэйчанка скрозь шум у зале спрабуе нешта давесці дэпутатцы. Але яна працягвае спрачацца:

— Ай, я згодная з Улаховічам. Пакуль адны словы толькі!

Кропку ставіць Андрэйчанка:

— Урэшце, краіна нічога не губляе, а толькі знаходзіць. Васіль Станіслававіч правільна сказаў, што гэта як пясочніца, дзе краіна хоча адпрацаваць асноўныя моманты, а потым, магчыма, распаўсюдзіць іх на ўсю краіну!

Дэпутаты аднагалосна ўхваляюць прэзідэнцкі дэкрэт. Ну а як інакш?

Бадай што лепш за ўсіх сітуацыю пракаментаваў незалежны аналітык Сяргей Чалы, вядомы праціўнік дэкрэта “Аб развіцці лічбавай эканомікі”. Маўляў, дэкрэт “яшчэ не паспеў нанесці краіне карысці” — вось віцэ-прэм’еру і няма чаго сказаць.