"Улі" распадаецца і адыходзіць на ўсход. Прагноз надвор’я на 10–12 студзеня
Цыклон, які накрыў Беларусь снегам, страчвае сілу і зрушаецца ў бок Расіі / LookByMedia
10 студзеня надвор’е ў Беларусі будзе вызначаць паўднёвы цыклон, які слабее, з цэнтрам над усходам рэспублікі. Часам пройдзе снег. Уначы на поўначы краіны чакаецца слабая мяцеліца. На асобных участках дарог — галалёдзіца.
Мінімальная тэмпература паветра ўначы складзе −9…−15 °C, максімальная ўдзень — −8…−13 °C.
Далей сіноптыкі прагназуюць узмацненне маразоў. 11–12 студзеня надвор’е ў краіне будзе вызначаць халодная паветраная маса арктычнага паходжання.
11 студзеня на большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдзе снег. На асобных участках дарог — галалёдзіца.
Мінімальная тэмпература ўначы — −11…−18 °C, пры праясненнях паветра будзе ахалоджвацца да −23 °C, максімальная ўдзень — −8…−15 °C.
12 студзеня на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца кароткачасовы снег. На асобных участках дарог — галалёдзіца.
Мінімальная тэмпература паветра ўначы складзе ад −10 °C на захадзе да −23 °C на ўсходзе краіны, пры праясненнях — да −26 °C; максімальная ўдзень — −9…−16 °C, на захадзе Беларусі — −6…−8 °C.