Вы тут

Улады Івацэвіцкага раёна дазволілі ўсталяваць помнік Касцюшку ў Марачоўшчыне

Так будзе выглядаць помнік Тадэвушу Касцюшку

Улады Івацэвіцкага райвыканкама далі дазвол на ўсталяванне помніка Тадэвушу Касцюшку ва ўрочышчы Марачоўшчыне каля Косава ў Івацэвіцкім раёне. Адпаведны дакумент атрымаў грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка, які выступіў з ініцыятывай ушанавання памяці нацыянальнага героя Беларусі. 

Збор сродкаў на помнік адбываўся з дапамогай краўдфандынгу. На помнік і пастамент было вырашана сабраць 17,5 тысяч рублёў, аднак дабраахвотнікі пералічылі больш за 22 тысячы рублёў. 

Лабадзенка распавядаў, што помнік ужо адліты і даводзіцца да ладу, пастамент вырабляецца. 

У Беларусі памяць Тадэвуша Касцюшкі ўшанаваная таксама бюстам на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Мінску і бюстам у вёсцы Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёна, дзе была сядзіба Касцюшкаў. Таксама ёсць памятны валун у самой Марачоўшчыне. 

Тадэвуш Касцюшка з'яўляецца таксама нацыянальным героем Польшчы, ЗША і Францыі.