Улады Беларусі паабяцалі, што разгонаў акцый пратэсту не будзе

Улады Беларусі паабяцалі, што разгонаў акцый пратэсту не будзе

Прэс-служба Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе распаўсюдзіла інфармацыю пра сустрэчы ў Мінску старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін Мутанен. Яна знаходзіцца з афіцыйным візітам у Беларусі і сустракалася з кіраўніцтвам нашай краіны.

Якраз у Мінску, Магілёве і Гродне прайшлі вулічныя акцыі супраць дэкрэта № 3 (у сталіцы яна была дазволеная ўладамі), прайшлі жорсткія затрыманні дзясяткаў чалавек, а пасля і суды. Яшчэ раней за кратамі апынуліся апазіцыйныя дзеячы Анатоль Лябедзька, Юрый Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец. Прэс-служба АБСЕ інфармуе, што падчас сустрэч з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам Крысцін Мутанен абмеркавала сітуацыю з акцыямі і затрыманнямі (у тым ліку і журналістаў).  

"Мутанен прыняла да ведама і выказала ўдзячнасць за запэўніванні беларускага кіраўніцтва ў тым, што праваахоўныя органы будуць праяўляць стрыманасць і паважаць вяршэнства закона, а таксама забяспечаць выкананне права на свабоду мірных сходаў і свабоду слова", — паведамляе прэс-служба АБСЕ.

Як вядома, бліжэйшая буйная вулічная акцыя пройдзе 25 сакавіка ў Мінску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі