Удзельніку "трактарнага канфлікту" з ДАІ прысудзілі 3 месяцы арышту

У Брэсцкім раённым судзе скончыўся разгляд справы вяскоўца, якога вінавацілі ў бойцы з супрацоўнікам ДАІ.

Нагадаем, што канфлікт адбыўся 9 траўня 2014 года ў вёсцы Страдзеч. ДАІ хацела канфіскаваць самаробны трактар вяскоўца. Паводле версіі даішнікаў, мужчына ездзіў на ім без рэгістрацыйных нумароў па дарозе. Сам уладальнік, Аляксандр Бяльчук, кажа, што трактар выкарыстоўваў толькі на прыватным падворку.

На абарону вяскоўца з'явіліся сваякі і знаёмыя. Паводле службовай экспертызы, брат уладальніка трактара нанёс інспектару ДАІ "адзін удар у вобласць правага вока і носа", а таксама пракусіў кісць правай рукі. Міліцыянты з'ехалі без трактара, а на двух братоў Бельчукоў завялі крымінальную справу.

Прысуд па справе быў агучаны 12 студзеня. Суддзя Уладзімір Шаламіцкі прызнаў Аляксандра Бельчука вінаватым і прысудзіў яго да 3 месяцаў арышту. Увогуле ж за гвалт у дачыненні да міліцыянта мужчыну пагражала да 6 гадоў турмы.

Сам Бяльчук лічыць справу сфабрыкаванай супрацоўнікамі міліцыі. Ён збіраецца абскардзіць прысуд.

"Калі б я здзейсніў злачынства, то адчуваў бы сябе вінаватым. Але калі я яго не здзяйсняў, чаму я павінен адчуваць сябе вінаватым? Я спадзяюся на працу свайго адваката, што мы ўсё ж такі даб'емся апраўдальнага прысуду. Калі яго не вынесе абласны суд, то, можа, хаця б Вярхоўны".

Справу таксама каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін. Па яго словах, у судзе спрацавала так званая “прэзумпцыя даверу да супрацоўніка міліцыі”. То бок суддзя прыняў рашэнне, абапіраючыся выключна на сведчанні аднаго боку – нібыта пацярпелага супрацоўніка міліцыі і сведак-міліцыянтаў. Непасрэдных доказаў таго факту, што Бяльчук збіваў міліцыянта, праваабаронца не ўбачыў.

“Я бачыў здымкі, дзе міліцыянт тузаў Бельчука па плоце, рваў на ім вопратку. Іншых здымкаў у судзе не было. Там быў бачны разбіты нос таго ж Бельчука, але не было бачна разбітага носа капітана міліцыі”.

Уладзімір Вялічкін таксама звяртае ўвагу на тое, што суддзя, агучваючы прысуд, загадаў знішчыць адзін рэчавы доказ, далучаны да справы. Гэта акрываўленая кашуля Бельчука. Дарэчы, на ёй экспертыза не выявіла крыві міліцыянта, а толькі яе гаспадара.

Калі ў вяскоўца не атрымаецца абскардзіць прысуд, то ў турме ён правядзе 2 месяцы і 10 дзён. Суддзя ўлічыў тэрмін, які Бяльчук правёў летась у СІЗА.

Разбіральніцтва з другім удзельнікам канфлікту, братам Мікалаем, вылучанае ў асобны працэс.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Пракурор патрабуе 6 месяцаў арышту для ўдзельніка "трактарнага канфлікту"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі