Вы тут

Удзельнік штурма Капітолія папрасіў палітычны прытулак у Беларусі

Эван Ньюман у эфіры тэлеканала "Беларусь-1

Грамадзянін ЗША Эван Ньюман, які ўдзельнічаў у штурме Капітолія, папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі, паведамляе тэлеканал "Беларусь-1".

Ньюман жыве ў Каліфорніі, дзе займаецца бізнэсам па вытворчасці сумак, мае дваіх дзяцей. Паводле слоў мужчыны, у ЗША на яго завялі шэсць крымінальных спраў, і ён па парадзе свайго адваката пакінуў краіну. Спачатку Ньюман жыў у Італіі і Швайцарыі, а потым ва Украіне.

15 жніўня Ньюмана затрымалі беларускія памежнікі пасля нелегальнага пераходу мяжы. Ён сцвярджае, што такім чынам ратаваўся ад пераследу ўкраінскіх спецслужбаў. У Беларусі Ньюман папрасіў палітычнага прытулку.

Паводле звестак California News Times, Ньюмана падазраюць "у нападзе, супраціве або перашкодах супрацоўнікам паліцыі падчас грамадзянскіх хваляванняў, а таксама гвалтоўным уварванні і незаконных дзеяннях на тэрыторыі Капітолія". Ньюман быў зафіксаваны як адзін з удзельнікаў штурму, трапіў на камеры.

6 студзеня 2021 году прыхільнікі тагачаснага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які ўжо саступіў на выбарах Джо Байдэну, паспрабавалі сарваць сумесную сесію Кангрэсу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.