У выніку скандалу Юзас Булька трапіў у шпіталь

Пракуратура Ігналінскага раёна пацвердзіла Еўрарадыё, што ксёндз Булька падазраецца ў генацыдзе. Але жыхары вёскі Мосар, дзе ён служыць, не вераць у крывавую гісторыю агента “Бімбы”.
Булька — бадай, самы “раскручаны” беларускім тэлебачаннем каталіцкі святар з ідэальнай рэпутацыяй. Таму тое, што гэты чалавек падазраецца ў забіцці дзесяткаў чалавек, — гэтую інфармацыю Еўрарадыё пацвердзіў пракурор Ігналінскага раёна Літоўскай Рэспублікі Вальдэмарас Баранаўскас — нас скалыхнула.

“Ёсць асноўная крымінальная справа, з якой выдзелена крымінальная справа ў дачыненні да Юзаса Булькі”, — кажа Баранаўскас.

ЕРБ: “У чым падазраецца ксёндз?”

Вальдэмарас Баранаўскас: “У генацыдзе. Артыкул 99 літоўскага Крымінальнага кодэкса”.

ЕРБ: “Няўжо і сведкі засталіся жывыя? Бульку ажно 83 гады”.

Вальдэмарас Баранаўскас: “Так. Гэта і савецкія агенты, якія працавалі разам з Булькам, і “лясныя браты”, якія пацярпелі ад Булькі. Іх узрост каля 85 гадоў”.

Згодна з архіўнымі дакументамі, Булька ўдзельнічаў у забіцці літоўскіх “лясных братоў”. Патрапілі гэтыя факты і ў Генпракуратуру Беларусі. Літоўскія калегі папрасілі беларусаў дапытаць Бульку, але беларусы адмовіліся.

Вальдэмарас Баранаўскас: “Так, быў запыт у Беларусь з просьбай дапытаць Бульку. Вашая генпракуратура адказала: “З улікам дзейснага заканадаўства мы не можам выканаць вашу просьбу”. Адказ быў атрыманы год таму”.



Беларуская генпракуратура адмовілася каментаваць “справу Булькі”. Мы ведаем пра гэта, але нічога не скажам, — адказалі на зварот Еўрарадыё ў прэс-службе. 

Першым пра супярэчлівы лёс Юзэфа Булькі напісаў журналіст “Gazety Wyborczej” Андрэй Пачобут. Ён пільна вывучаў дакументы з архіваў КДБ і сустракаўся са сведкамі па “справе Булькі”. 

Журналіст распавёў Еўрарадыё пра пасляваенны лёс Булькі. У канцы 40-х Булька быў адным з “лясных братоў”, якія змагаліся з саветамі за незалежнасць Літвы. Але Міністэрства дзяржбяспекі (МДБ, пазней КДБ — Еўрарадыё) выкрыла Бульку.

“На першым жа допыце ён выдаў каля 20 чалавек. Я бачыў пратакол гэтага допыту: гэта псеўданімы і прозвішчы тых, каго ведаў, месцы, дзе яны жывуць. Гэта былі вельмі моцныя паказанні”, — распавядае Андрэй Пачобут.

Пазней Булька разам з братам уцёк у лясы і толькі праз некалькі год МДБ зладзіла аблаву на адзін з партызанскіх бункераў і затрымала Бульку наноў. Дарэчы, яго брат Антонас і маці былі гераічна забітыя. Юзас выбраў іншы шлях.

“Пасля гэтага яму другі раз прапанавалі супрацоўніцтва, — працягвае Андрэй Пачобут. — Ён пагадзіўся і падпісаў адпаведныя паперы. Цяпер ужо ў яго была мянушка “Бімба”. І ён у складзе групы такіх самых агентаў, як сам, з 1951 па 1954 год паляваў на “лясных братоў”. Сярод тых, хто быў забіты гэтай групай, ёсць і цяжарная кабета”.

Калі верыць архіўным дакументам, Булька быў бездакорным чэкістам. Дзякуючы яго працы, былі затрыманыя альбо расстраляныя мінімум 56 чалавек. І гэта толькі даказаныя факты. А метады затрыманняў “лясных братоў” былі наступныя.

“Напрыклад, адзін раз у бункер, дзе адбывалася партызанская нарада, Булька прынёс міну, — пералічвае Андрэй Пачобут. — Ён выйшаў, а міна выбухнула. Партызаны загінулі. Вядомы яшчэ адзін абсалютна даказаны факт. Мінімум аднаго чалавека Булька забіў асабіста. Гэта адбылося наступным чынам. Падчас арыштаў партызанаў выкарыстоўваўся так званы “Няптун”. Булька падмешваў гэта ў ежу і пітво партызанам. Яны засыналі як забітыя і прачыналіся пасля ў вязніцы МДБ. Аднойчы Булька перабраў з дозай — і адзін з партызанаў памёр…”

Пры гэтым, як сцвярджае журналіст, Булька зацята змагаўся з самагонаварэннем і танцамі, лічыўся надзвычай рэлігійнай асобай.

Далей лёс Булькі робіцца поўным таямніцаў. Вядома, што ён працаваў на віленскай фабрыцы электрычных лічыльнікаў, а як сышоў на пенсію — справа падыходзіла да незалежнасці Літвы — высвеціўся ў ксяндзы.

“Я памятаю, як у нас высвячалі ў ксяндзы Юзэфа Бульку, — прагаварылася Еўрарадыё пажылая супрацоўніца канцылярыі дыяцэзіі. — Сем гадоў мінула, як памёр біскуп Анджэеўскі, які гэта рабіў”.

Вядома, што высвячалі Бульку не ў будынку касцёла, а ў садзе каля касцёла.
 
На жаль, ксёндз з Улоцлаўскай дыяцэзіі, які адказны за працу з журналістамі, адмовіўся пра гэта размаўляць і папрасіў ператэлефанаваць “пасля святаў”.
 
Сам Булька з канца 80-х служыць у вёсцы Мосар Віцебскай дыяцэзіі. І заслугі яго перад мясцовымі жыхарамі велізарныя.

Па-першае, Юзас Булька адвучыў піць гарэлку жыхароў вёскі Мосар і бліжэйшых вёсак.

У самім Мосары збудаваў копію віленскай Вострай брамы, а ў вёсцы Парыж — копію Эйфелевай вежы. Яшчэ ў некалькіх вёсках аднавіў касцёлы.





Беларускія ўлады любяць Бульку, і ўганаравалі ўнікальнага ксяндза высокай дзяржаўнай узнагародай — медалём Францыска Скарыны. Любяць яго і мясцовыя жыхары.

І толькі архіўныя матэрыялы КДБ прымусілі многіх паглядзець на асобу ксяндза Булькі з іншага боку.

Аднак жыхары Мосара працягваюць падтрымліваць свайго ксяндза.

“Гэта пачалося, як яго ўзнагародзіў Лукашэнка, — распавядае Чэслава Лаўрыновіч, якая прыслужвае ў мосарскім касцёле. — Бо ў Беларусі ён змог падняцца, а ў Літве як быў не змог. Колькі яму засталося жыць, таму Бульку — навошта яго кранаць? Ён гаворыць, што ўсё гэта няпраўда. Ён і ўзнагароды паказваў, ён жа інжынерам у Вільнюсе працаваў”.

ЕРБ: “А што ён гаворыць пра “лясных братоў”, пра смерці?”

Чэслава Лаўрыновіч: “Гаворыць, што не мае да гэтага дачынення, што нікога не баіцца і што чысты душой. Вось такая ў яго размова”.

Але скандал з архіўнымі дакументамі ўсё ж парушыў здароўе ксяндза Булькі. Тры тыдні таму ён патрапіў у бальніцу з павышаным ціскам.

“У бальніцы як ляжаў, дык яго ўсе наведвалі. Тры тыдні таму ціск быў высокі. Можа, і гэта ўсё на яго падзейнічала. Усе яго наведвалі: і міліцыя, і райвыканкам, і старшыня райвыканкаму, і старшыня сельсавету. Усе з ім раяцца, усе яго паважаюць…”

Як высветліла Еўрарадыё, сёння здароўе ксяндза Булькі нармалізавалася. А ў аўторак ён здзейсніў працоўны візіт у Віцебскую дыяцэзію…

Еўрарадыё будзе сачыць за разгортваннем неадназначнага выкрыцця ксяндза Булькі.

Фотаздымкі Gazety Wyborczej  і праекта globus.tut.by

З-за крымінальнай справы Булька трапіў у лякарню
Літоўская пракуратура: з просьбай выдаць Бульку мы яшчэ не звярталіся

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі