У Славакіі адрэагавалі на затрыманне Ляшчэні: краіна падтрымае новыя санкцыі

Прэм'ер-міністр Славакіі Эдуард Хегер​ / Reuters
Прэм'ер-міністр Славакіі Эдуард Хегер​ / Reuters

Славакія гатовая падтрымаць увядзенне новых санкцый супраць уладаў Беларусі, заявіў прэм'ер-міністр краіны Эдуард Хегер. Яго словы сталі рэакцыяй на затрыманне ў Мінску экс-пасла Беларусі ў Славакіі Ігара Ляшчэні.

Гэта затрыманне, якое адбылося амаль праз год пасля адстаўкі Ляшчэні, з'яўляецца "далейшым доказам неміласэрнасьці" рэжыму ў дачыненні да грамадзян, заявіў кіраўнік славацкага ўрада.

У сувязі з гэтым "Славакія разам з партнёрамі ў Еўрасаюзе не перастане ўзмацняць ціск, каб грамадзяне Беларусі атрымалі перспектыву жыць у бяспечнай, дэмакратычнай і свабоднай краіне",цытуе Эдуарда Хегера агенцтва ТАСС.

Хегер заявіў, што Браціслава гатовая да далейшых санкцый. Славацкі прэм'ер таксама заклікаў Аляксандра Лукашэнку неадкладна вызваліць усіх палітвязняў.

У сераду, 11 жніўня, да Ігара Ляшчэні з ператрусам прыйшлі сілавікі. На наступны дзень ягонае прозвішча з'явілася ў спісах затрыманых, якія знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна. Пазней стала вядома, што ён затрыманы ў рамках расследавання крымінальнай справы аб "масавых беспарадках" у Мінску. У СК удакладнілі, што Ляшчэню правяраюць на дачыненне "да здзяйснення дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". З ім праводзяцца следчыя дзеянні.

Да жніўня 2020 года Ляшчэня ўзначальваў беларускую дыпмісію ў Славакіі. Пасля выбараў асудзіў гвалт і падаў у адстаўку. Яго звольнілі, а следам Лукашэнка пазбавіў яго рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла "у сувязі са здзяйсненнем учынкаў, якія ганяць дзяржаўную (дыпламатычную) службу".

Ляшчэня быў удзельнікам праекта "Сход" — своеасаблівай альтэрнатывы Палаце прадстаўнікоў. Дэлегаты "Сходу" планавалі шукаць шляхі пераадолення крызісу праз перамовы. Пра мэты і задачы праекта Ляшчэня распавядаў у сакавіку ў інтэрв'ю Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі