Вы тут

Экс-амбасадара Ігара Ляшчэню затрымалі па справе аб "масавых беспарадках"

Ігар Ляшчэня / Наша ніва

Экс-амбасадара Беларусі ў Славакіі Ігара Ляшчэню затрымалі ў рамках расследавання крымінальнай справы аб "масавых беспарадках" у Мінску. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на Следчы камітэт. Таксама Ляшчэню правяраюць на датычнасць "да здзяйснення дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". З ім праводзяцца следчыя дзеянні.

11 жніўня Ігар Ляшчэня трапіў пад "зачыстку" ў Беларусі ўдзельнікаў віртуальнай платформы "Сход". У Жодзіне сілавікі прыйшлі да яго з ператрусам, пасля чаго павезлі ў сталіцу. У чацвер стала вядома, што ён знаходзіцца на Акрэсціна.

Летась Ігар Ляшчэня падтрымаў мірныя пратэсты ў Беларусі, асудзіў гвалт сілавікоў і падаў у адстаўку. Аляксандр Лукашэнка звольніў яго, а пасля пазбавіў рангу надзвычайнага і паўнамоцнага пасла.

"Сход" мусіў стаць своеасаблівай альтэрнатывай Палаце прадстаўнікоў. Яго ўдзельнікі шукалі шляхі пераадолення крызісу ў нашай краіне праз перамовы. Пра гэта ў пачатку года у інтэрв'ю Еўрарадыё расказваў Ляшчэня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.