У Швейцарыі агучаны прысуд былому байцу беларускага "эскадрона смерці"

Юрый Гараўскі

Юрый Гараўскі / dw.com

28 верасня ў Швейцарыі агучаны прысуд былому байцу беларускага "эскадрона смерці" Юрыю Гараўскаму. Пракурор прасіў суд пакараць яго за датычнасць да гвалтоўных знікненняў у Беларусі трыма гадамі зняволення, два з якіх — умоўна. Суд жа апраўдаў Гараўскага. Яго таксама прызналі невінаватым па артыкуле аб увядзенні правасуддзя ў зман, паведамляе DW.

Гэта першы працэс, калі падзеі ў Беларусі разглядалі ў рамках іншай — універсальнай — юрысдыкцыі.

Гараўскі — былы баец спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ў Беларусі. Пасля выезду за мяжу папрасіў прытулку ў Швейцарыі і сам прызнаўся ў датычнасці да "эскадрона смерці", да выкрадання і забойства ў 1999-м апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, а таксама бізнесмена Анатоля Красоўскага. Суд праходзіў 19-20 верасня. Юрый Гараўскі неаднаразова падкрэсліваў, што "не ліквідаваў людзей, а затрымліваў", і нібыта не ведаў, што іх збіраюцца забіць. Па яго словах, Захаранку, Ганчара і Красоўскага застрэліў Дзмітрый Паўлічэнка.

Тлумачачы прысуд, суддзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак, у якім "замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя знікненні". "Гэтыя факты не павінны выклікаць сумненняў. Але на допыце абвінавачаны заблытаўся ў супярэчнасцях і ўхіляўся ад адказу", — сказаў суддзя. Ён палічыў, што некаторыя з паказанняў Гараўскі прыдумаў. Суд прыйшоў да высновы, што беларус, магчыма, служыў у згаданым падраздзяленні ў РБ, але яго роля ў выкраданнях застаецца незразумелай. "Магчыма, ён чуў пра гэта ад калегаў", — выказаў меркаванне суддзя.

Апраўдальны прысуд будзе абскарджаны.

Грамадзянскі іск Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай на 200 тысяч франкаў накіруюць у іншы суд, піша "Новы час". Судовыя выдаткі на суму ў амаль 45 тысяч франкаў пакрые дзяржава.

У Швейцарыі агучаны прысуд былому байцу беларускага "эскадрона смерці"
novychas.online

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі