У рэйтынгу самых ваенізаваных краін свету Беларусь на 17–м месцы

Ужо шосты год самай ваенізаванай краінай свету становіцца Ізраіль. Другое месца ў рэйтынгу сёлета заняў Сінгапур, а трэцяе — Расія. За мінулы год наша суседка стала больш мілітарызаванай і паднялася на адну пазіцыю ў рэйтынгу.



У першую дзясятку Глабальнага індэксу мілітарызацыі ў 2013 годзе ўвайшлі Арменія, Азербайджан, Сірыя, Іярданія, Кувейт, Кіпр, паведамляе партал TUT.BY.



Беларусь за апошнія гады паднялася на некалькі пазіцый. У 2006 годзе наша краіна займала 20-е месца ў рэйтынгу. У 2008-м Беларусь апынулася на 17-м месцы, у 2009-м — на 16-м, у 2010-м — на 18-м.



Дарэчы, Украіна ў гэтым рэйтынгу на 20-м месцы, Літва — на 56-м, Польшча - на 75-м, Латвія - на 89-м. ЗША займае 27-ю пазіцыю, Францыя — 55-ю, Нямеччына — 93-ю.



Глабальны індэкс мілітарызацыі паказвае ступень мілітарызацыі 153 краін і разлічваецца з шэрагу паказчыкаў. Улічваюцца выдаткі на вайсковыя патрэбы ў параўнанні з ВУП краіны і яе выдаткаў на ахову здароўя (у адсотках ад ВУП); агульная колькасць пунктаў узброеных сіл, колькасць лекараў у параўнанні з агульнай колькасцю насельніцтва; колькасць даступнай цяжкай зброі ў параўнанні з агульнай колькасцю насельніцтва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі