Вы тут

У МЗС Расіі лічаць хутчэй некарэктным гаварыць пра кампенсацыю Беларусі

ria.ru

У МЗС Расіі лічаць хутчэй некарэктным гаварыць пра кампенсацыю Беларусі. Гаворка ідзе пра страты беларускай эканомікі з-за падатковага манеўру ў нафтавай галіне ў РФ. Улады нашай краіны безпаспяхова спрабуюць атрымаць ад Расіі кампенсацыю. Страты беларускага бюджэту да 2025 года ацэньваюцца на суму да 10,6 млрд долараў. Для Беларусі гэта вялізныя грошы.

Намеснік міністра замежных спраў Расіі Рыгор Карасін у інтэрв'ю ria.ru заявіў, што "падатковы манеўр" — "гэта суверэннае права Расіі, таму наўрад ці карэктна гаварыць пра нейкую "кампенсацыю". Паводле яго слоў, гаварыць можна хіба толькі пра "магчымае садзейнічанне Беларусі ў змякчэнні наступстваў". Гэтае пытанне прапрацоўваецца, а рашэнне будзе "комплексным", адзначыў Карасін. Таму ўсе ацэнкі сітуацыі ён лічыць перадчаснымі.

Раней першы віцэ-прэм'ер, міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў заявіў, што кампенсацыя Беларусі з-за падатковага манеўру ў нафтавай галіне ў РФ магчымая толькі пасля ўзгаднення "агульнага падыходу па інтэграцыі".

Што да кампенсацыі Беларусі за брудную нафту, якая трапіла ў нафтаправод "Дружба", то гэтае пытанне таксама яшчэ прапрацоўваецца, кажа намеснік міністра замежных спраў Расіі. "Таму гаварыць аб канкрэтных дэталях пакуль перадчасна", — адзначыў ён.

Як вядома, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся ў Санкт-Пецярбургу зняць усе пытанні ў беларуска-расійскіх адносінах да канца 2019 года.