Вы тут

У мінскіх кінатэатрах пачалі паказваць “Тэрмінатара” па-беларуску і ў 3D

Раман Пратасевіч / Еўрарадыё

Чарговай кінастужкай, перакладзенай на беларускую мову, стаў баявік “Тэрмінатар-2”. Арыгінальны фільм з’явіўся ў кінатэатрах яшчэ ў 1991 годзе, але ў 2017-м выпусцілі абноўленую версію з палепшанай якасцю і ў фармаце 3D. Менавіта яна і стала асновай для беларускамоўнай агучкі. Прэм’ера беларускага “Тэрмінатара-2” прайшла 23 мая:

“Для нас гэтая стужка стала ў адзін шэраг з іншымі вядомымі галівудскімі фільмамі. Мы ўжо выпускалі “Крэпкі арэшак” і “Форэст Гамп”, напрыклад, — распавядае Еўрарадыё Андрэй Кім, кіраўнік і заснавальнік праекта Kinakong. — Унікальнасць зараз у тым, што гэта ўвогуле першы ў гісторыі фільм на беларускай мове ў фармаце 3D”.

Выбар кінастужкі быў невыпадковым:

“Па-першае, у чалавецтва ёсць вялікі страх перад тым, што аднойчы прыйдзецца адказваць за ўчынкі і дзеянні, прычым як у агульным сэнсе, так і за сваё ўласнае жыццё. Менавіта таму існуюць дзясяткі фільмаў з назвамі кшталту “Судны дзень”, “Апакаліпсіс” і гэтак далей. Другая фішка гэтага фільма, як бы дзіўна ні гучала, — каштоўнасць чалавечага жыцця. І зараз, калі пайсці на той жа “Дэдпул", можна заўважыць, колькі чалавек забівае галоўны герой і нават не моршчыцца. Таксама можна паглядзець і на канфлікт на ўсходзе Украіны. Абодва бакі дэгуманізуюць ворагаў і кажуць, што яны ледзь не жывёлы ўвогуле.

Андрэй Кім

А Тэрмінатар, што ў перакладзе з англійскай гучыць як “ліквідатар”, падчас стужкі вучыцца шкадаваць чалавека і жыццё. Заўважце, герой Шварцэнэгера не забівае ніводнага чалавека за ўвесь фільм! Так што тэма гуманізму існуе ў кіно і проста суперактуальная зараз”.

Паказы блокбастараў у беларускай агучцы праходзяць у кінатэатры velcom cinema, а сама кампанія velcom|A1 аказвае актыўную падтрымку ў праектах. Здабыць квіткі на прэм’еры фільмаў на беларускай мове ледзь не цяжэй, чым на галівудскія навінкі. Найбольшы ажыятаж звычайна ўзнікае пад канец паказаў.

“У нас заўсёды аншлагі ў апошнія дні. Усе думаюць, маўляў, схаджу заўтра ці паслязаўтра, — амаль што скардзіцца Андрэй Кім. — А заўтра месцаў ужо не будзе. Зараз на прэм’еры будзе амаль поўны зал, за выключэннем нейкіх адзінкавых месцаў”.

Акрамя Мінска, “Тэрмінатара-2” пакажуць у Гродне, дакументы ўжо ў працэсе падпісання. Там паглядзець беларускамоўны трохмерны баявік можна будзе 9-11 чэрвеня. У Мінску ж стужка будзе ісці толькі да 26 траўня з-за вялікай колькасці прэм’ер на экранах. Але арганізатары кажуць, што ў сталічным кінатэатры “Беларусь” нават дадалі сеансы, бо быў поўны солд-аўт.