Вы тут

"У кабінетах да +34". На "Атланце" — пекла, калі Лукашэнка прыязджае ў палац

mport.ua

Супрацоўнік мінскага завода халадзільнікаў "Атлант" Максім (імя зменена) паскардзіўся Еўрарадыё, што ў спякоту работнікі вымушаныя працаваць на прадпрыемстве пры зачыненых вокнах. Гаворка ідзе пра будынак "Атланта", які стаіць на праспекце Пераможцаў насупраць Палаца Незалежнасці.

"Кожны раз па прыездзе ў палац Лукашэнкі па заводзе ходзіць міліцыя і забараняе адчыняць вокны, — кажа ён. — Праходзяць па тэрыторыі, правяраюць. Калі адчынена — тут жа пайшлі зачыняць. Людзі ў спякоту пакутуюць на рабочых месцах. На мінулым тыдні было асабліва цяжка, таму што тэмпература ў кабінетах падымалася да 34 градусаў".

Максім абураецца: завод з'яўляецца дзяржаўным прадпрыемствам, але "на Працоўны кодэкс усім пляваць".

"Калі тэмпература ў кабінеце даходзіць да 34 градусаў, работнік можа сысці з працы, — працягвае Максім. — Але калі людзі ўздымалі гэтае пытанне, ім сказалі: "Вам што, рабіць больш няма чаго? Ідзіце і працуйце".

Начальнік аддзела бяспекі і аховы МЗХ "Атлант" Міхаіл Логанаў кажа, што адчыняць вокны можна, але толькі ў рэжыме праветрывання.

"Сёння я быў у тым корпусе, — тлумачыць ён. — У палацы праходзіць сустрэча [Лукашэнкі] з прэзідэнтам Егіпта. Дазвол [адчыняць вокны] у рэжыме праветрывання ёсць, на адкрыццё цалкам — толькі пасля 15:00. Вы ж разумееце — гэта практыка ўсіх службаў, якія ахоўваюць першых асоб. Тут пытанне, думаю, невырашальнае. Пытацца, як вырашыць, трэба ў тых, хто аддае такія каманды".

Суразмоўнік Еўрарадыё раіць звяртацца ў службу аховы прэзідэнта. Але ці ёсць у яго распараджэнне зачыняць вокны?

"Я такога не казаў, — смяецца ён. — Не буду адказваць на гэтае пытанне. Я гэтыя каманды не даю. Я начальнік аховы завода, але ніяк не адношуся да аховы першай асобы".

Міхаіл Логанаў дадаў, што вырашаць праблему са спякотай можна не толькі праветрываннем, але і з дапамогай кандыцыянераў і вентылятараў. Ці ўсталяваныя яны ў працоўных памяшканнях корпуса МЗХ "Атлант" на праспекце Пераможцаў, ён не ўдакладніў.