У інтэрнэце збіраюць подпісы за перайменаванне Брэста

У інтэрнэце збіраюць подпісы за перайменаванне Брэста

У інтэрнэце з’явілася петыцыя, складальнікі якой збіраюць подпісы за перайменаванне Брэста. У звароце, размешчаным на сайце petitions.by, гаворыцца пра неабходнасць вярнуць гораду гістарычную назву — Берасце.

“У 1696 г. сейм Рэчы Паспалітай скасаваў статус беларускай мовы як дзяржаўнай і такім чынам адкрыў шлях да татальнай паланізацыі. Назвы беларускіх паселішчаў запісваліся толькі графічнымі сродкамі польскай мовы ў характэрнай для яе фанетычнай і граматычнай формах. У такім выглядзе большасць з іх увайшла ў дзяржаўныя дакументы, на карты, выцесніўшы з пісьмовай і картаграфічнай практыкі нашы спрадвечныя правільныя формы”, — пішуць аўтары петыцыі.

Яны таксама адзначаюць, што калі тэрыторыя сучаснай Беларусі ўвайшла ў склад Расійскай Імперыі, там таксама не паклапаціліся пра дакладнасць перадачы беларускіх айконімаў на рускую мову.  У пісьмовай практыцы замацаваліся паланізаваныя формы, у лік якіх трапіла і назва горада Брэст.

“У 2019 годзе Берасце будзе адзначаць тысячагоддзе з моманту першага пісьмовага ўспаміну ў “Аповесці мінулых гадоў”. Нароўні з грандыёзнымі будаўнічымі праектамі, мерапрымствамі па рэканструкцыі і добраўпарадкаванні, якія прымеркаваны да гэтага юбілею, гістарычнай справядлівасцю стала б вяртанне Брэсту яго спрадвечнай назвы, якая б падкрэсліла старажытнасць горада, яго славутую мінуўшчыну, а таксама паспрыяла б развіццю нацыянальнай самасвядомасці ў рэгіёне”, — сказана ў тэксце петыцыі.

Складальнікі звароту маюць сабраць 400 подпісаў. На сёння пад петыцыяй падпісалася ўжо 296 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі