У Глыбокім прэзентавалі праект па захаванні рэк

Праект называецца “Малыя рэкі - вялікія праблемы: працуем разам над аховай і будучыняй малых рэк басейна ракі Дзісна”. У праекце ўдзельнічаюць Глыбоцкі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі райвыканкамы, а таксама міжнароднае экалагічнае аб'яднанне “Прырода і мы”. Агульны бюджэт праекту - 331 тысяча еўра, з гэтай сумы амаль трыста тысяч еўра будзе фінансавацца з бюджэту Еўрасаюза.

Праект разлічаны на два гады. Мэта праекту - аказаць падтрымку мясцовым уладам рэгіёна ў пытаннях аховы малых рэк, якія ўпадаюць у Дзісну. Дзісна з'яўляецца адным з буйных прытокаў Заходняй Дзвіны, воды якой праз тэрыторыю Еўрасаюза цякуць у Балтыйскае мора.

Прэзентацыя праекта адбылася ў будынку сярэдняй школы №1. На ім прысутнічалі прадстаўнікі Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Пастаўскага райвыканкамаў, настаўнікі, выкладчыкі, прадстаўнікі экалагічных арганізацый. Агульную каардынацыю праекта будзе весці Мясцовы фонд спрыяння развіццю міжнароднага дыялога і супрацоўніцтва “Інтэракцыя”, які быў прадстаўлены яго дырэктарам Іванам Шчадронкам.

Праект завершыцца ў траўні 2015 года.