У беларускіх гарналыжнікаў на Алімпіядзе 28-е і 42-е месцы
![У беларускіх гарналыжнікаў на Алімпіядзе 28-е і 42-е месцы](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/2018-02-16t042224z_625091848_devee2g0c5cye_rtrmadp_3_olympics-2018-alps-w-sl.jpg.webp?itok=EQKpB3TI)
Раніцай 16 лютага на Алімпіядзе ў Пхёнчхане прайшлі фінальныя спаборніцтвы ў гарналыжнікаў. Як і чакалася, беларускія спартсмены Марыя Шканава і Юрый Данілачкін не змаглі “скокнуць вышэй за галаву”, выступілі ў сілу сваіх магчымасцяў. У слаламе Шканава была 28-й (на Алімпіядзе ў Сочы — 29-й). Залаты медаль заваявала Фрыда Хансдотэр са Швецыі, срэбраную ўзнагароду атрымала Вэндзі Холдэнер са Швейцарыі, бронзавую — Катарына Галхубер з Аўстрыі. На 17 лютага запланаваны супергігант. Ці зможа выступіць Марыя Шканава, невядома, паколькі раней на трэніроўцы яна атрымала траўму нагі.
У супергіганце Данілачкін заняў 42-е месца. Ён саступіў аўстрыйцу Маціясу Маеру, які атрымаў перамогу, больш за 5 секунд. На 18 лютага запланаваны гіганцкі слалам.