У беларускай сталіцы зноў абмяркоўваюць сітуацыю ва Украіне

У аўторак, 19 траўня, у Мінску сабраліся на паседжанні дзве рабочыя падгрупы (па бяспецы і гуманітарных пытаннях) кантактнай групы па мірным урэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Як паведамляе БЕЛТА, у падгрупе па бяспецы Украіну прадстаўляе Яўген Марчук, у мінулым — прэм'ер-міністр, міністр абароны і кіраўнік СБУ. Ад Расіі ў паседжанні ўдзельнічае прадстаўнік Генштабу Узброеных Сілаў Расіі Яраслаў Маскаль. Адзначым, што куратарам падгрупы з'яўляецца Эртугрул Апакан, кіраўнік спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ.

У падгрупе па гуманітарных пытаннях Украіну прадстаўляе дэпутат Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка, Расію — намеснік міністра па справах грамадзянскай абароны, надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў Уладзімір Сцяпанаў. Каардынатарам з'яўляецца Хайдзі Тальявіні, спецыяльны прадстаўнік АБСЕ ў кантактнай групе па Украіне.

Нагадаем, на мінулым тыдні ў Мінску збіралася эканамічная падгрупа, абмяркоўваліся пытанні выплаты пенсій і аднаўлення банкаўскай сістэмы на Данбасе. Наступнае яе пасяджэнне прызначылі на 2 чэрвеня.

Кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе апошні раз збіралася ў Мінску 6 траўня. У перамовах удзельнічалі Леанід Кучма, які прадстаўляе ў Кантактнай групе афіцыйныя ўкраінскія ўлады, Хайдзі Тальявіні ад АБСЕ і расійскі амбасадар Азамат Кульмухаметаў, а таксама прадстаўнікі сепаратыстаў Уладзіслаў Дэйнега і Дзяніс Пушылін. Тады і было вырашана, што пачнуцца працы падгруп па бяспецы, палітычным, эканамічным і гуманітарным складніках мінскага пагаднення, а каардынатарамі гэтых падгруп стануць прадстаўнікі АБСЕ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі