Кіпр стаў выдаваць дазволы на жыхарства беларусам з пратэрмінаванымі пашпартамі
Беларускія пашпарты / БЕЛТА
Беларусы з пратэрмінаванымі пашпартамі могуць атрымліваць і працягваць дазволы на жыхарства на Кіпры. Адпаведнае адміністрацыйнае рашэнне дзейнічае з траўня 2026 года. Пра гэта Радыё Свабода даведалася ў Офісе намесніка міністра міграцыі і міжнароднай абароны Кіпра.
Таксама дзеці, народжаныя на Кіпры ў беларускіх сем’ях, дзе бацькі не могуць атрымаць для дзіцяці беларускі пашпарт, здолеюць атрымаць дазвол на жыхарства на падставе выдадзенага на Кіпры пасведчання аб нараджэнні.
"Гэта пацвярджаецца пры ўмове, што абое бацькоў з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі", — заявілі ў Офісе намесніка міністра ў адказе Свабодзе.
Пры гэтым кіпрскія чыноўнікі не адказалі, ці будзе час пражываньня на Кіпры з дазволам на падставе пратэрмінаванага беларускага пашпарту залічвацца ў тэрмін, неабходны для атрымання грамадзянства. Паводле іх, гэтае пытанне трэба адрасаваць Міністэрству ўнутраных спраў Кіпра.
Нявырашаным застаецца і пытанне міжнародных паездак. Дазвол на жыхарства не замяняе пашпарт або іншы праязны дакумэнт і не вырашае праблему выезду за межы Кіпра для беларусаў без дзейных пашпартоў.
У верасні 2023 года Аляксандр Лукашэнка сваім указам забараніў мяняць у консульствах пратэрмінаваныя беларускія пашпарты. Цяпер ад беларусаў патрабуецца вяртацца на радзіму і падаваць дакументы ў органы МУС. Для многіх гэта небяспечна, бо на радзіме ім пагражае палітычны пераслед.