Польшча адмовілася пачынаць крымінальную справу па знікненні Анатоля Котава
Анатоль Котаў / Еўрарадыё
Акруговая пракуратура Варшавы адмовілася пачынаць крымінальную справу па знікненні беларускага палітуцекача Анатоля Котава. Рашэнне было прынятае 31 ліпеня 2026 года, піша Беларускі расследвальніцкі цэнтр.
Прэсавы сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Пётр А. Скіба ў каментары выданню Rzeczpospolita сказаў, што гэта не юрысдыкцыя польскіх органаў:
"Асоба, якой датычыла паведамленне, не з'яўляецца грамадзянінам Польшчы, дзеянні супраць яе не адбыліся на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, і няма падставаў сцвярджаць, што да магчымага здзяйснення злачынства маглі быць датычныя грамадзяне Польшчы".
Прэс-сакратар дадаў, што сваякі могуць абскардзіць адмову. Але, як сцвярджаюць у БРЦ, жонка Котава не атрымала рашэння пракуратуры. Дадатковую інфармацыю па справе пракуратура не раскрывае, пакуль рашэнне не набудзе моц.
Польскае выданне Rzeczpospolita са спасылкай на свае крыніцы заяўляе, што ўлады Турцыі перадалі польскім следчым матэрыялы ў межах міжнароднай прававой дапамогі. Гэта, напрыклад, памежныя даныя, якія пацвярджаюць, што Котаў прыляцеў у Стамбул. Хаця ён меў польскі "жэнеўскі пашпарт", які выдаецца людзям са статусам уцекача, на турэцкай мяжы апазіцыянер паказаў беларускі пашпарт. Прадстаўнік польскіх службаў, з якім размаўляла Rzeczpospolita, мяркуе, што Котаў хацеў застацца ананімным і не вылучацца з агульнай турыстычнай плыні. Праўда, не выключана, што такія дзеянні тлумачацца проста жаданнем пазбегнуць бюракратычных цяжкасцяў. З беларускім пашпартам у Турцыю можна ўехаць без візы, а з жэнеўскім — не.
Крыніца Rzeczpospolita сцвярджае, быццам Котаў супрацоўнічаў з разведкай, каб атрымаць доступ да Паўла Латушкі. Крыніца дапускае, што пазней яго вывелі з аперацыі, каб перадухіліць раскрыццё.
У БРЦ заклікаюць крытычна ставіцца да гэтай версіі, бо паўнавартаснага расследавання польская пракуратура не праводзіла. Супраць такой версіі сведчаць і неапублікаваныя даныя, якімі валодае БРЦ. Расследвальнікі мяркуюць, што Котава выкралі.
Беларускі апазіцыянер прыбыў з польшчы ў турэцкі Трабзон 21 жніўня 2025 года. Увечары ён падняўся на борт яхты Shells, дзе былі экіпаж і двое грамадзянаў Расіі — Юрый Галаванаў і Пётр Грыб. Пасля гэтага яхта адправілася ў бок Абхазіі. У БРЦ сцвярджаюць, што 22 жніўня да яхты наблізіўся расійскі памежны карабель, на борт падняліся супрацоўнікі ФСБ і забралі Котава.