У Беларусі з’явіліся махляры, якія выманьваюць грошы ва ўладальнікаў iPhone
Беларускіх карыстальнікаў iPhone пачалі падманваць па схеме, вядомай у суседніх краінах. Сэнс у тым, што прыгожая дзяўчына піша паведамленне з просьбай увайсці з вашага iPhone у яе icloud. Просьбу яна тлумачыць тым, што яе тэлефон скралі, а на icloud засталося некалькі важных фотаздымкаў і нумароў.
Пасля таго як ахвяра пагаджаецца ўвайсці ў icloud са свайго тэлефона, зламыснікі блакуюць iPhone, і ён робіцца кавалкам алюмінію і шкла. Каб разблакаваць тэлефон, трэба ўвайсці на icloud, пароль ад якога аператыўна мяняюць. За разблакіроўку патрабуюць 50-100 долараў.
Разблакаваць такі тэлефон можна, але гэта не так проста і хутка. Таму вельмі важна ніколі не ўваходзіць у чужы icloud. Калі вы ўжо трапілі ў пастку, не трэба плаціць грошы. Гарантыі, што вас зноў не падмануць, няма.
Як зняць блакіроўку самастойна?
Калі вы купілі тэлефон не праз афіцыйную краму ці прадстаўніка Apple — ніяк.
Калі купілі праз афіцыйную краму ці прадстаўніка, але не захавалі чэк — ніяк.
Калі ў вас ёсць чэк (накладная) на пакупку тэлефона ў афіцыйнага прадаўца, зняць блакіроўку не вельмі складана, сцвярджае сайт akket.com.
Разблакаваць iPhone можна ў два этапы.
1. Тэлефануем у службу падтрымкі Apple. У Беларусі яе няма, таму звяртаемся ў расійскае прадстаўніцтва па нумары ў Маскве: +7 495 555 67 34 з мабільнага ці 8 107 495 555 67 34 са стацыянарнага тэлефона.
Тлумачым супрацоўніку сітуацыю і атрымліваем далейшыя інструкцыі.
У вас папросяць e-mail, дадуць вашаму звароту ўнікальны нумар. Далей камунікацыя будзе ісці праз электронную пошту.
2. На e-mail, які вы назвалі супрацоўнікам кампаніі, павінен прыйсці ліст з нумарам вашага звароту па тэлефоне. У адказ вы павінныя выслаць усе дакументы і інфармацыю, якая пацвярджае, што вы ўладальнік тэлефона:
- назва крамы, сайт і нумар тэлефона крамы, дзе вы набылі прыладу;
- дата пакупкі і дата першага продажу тэлефона;
- поўны спіс пакупак у чэку і агульную суму.
Для гэтага трэба пакласці разам чэк, тэлефон і каробку са штрыхкодам разам і сфатаграфаваць у добрай якасці (прыклад на першым фота). Таксама трэба зрабіць здымак заблакаванай прылады, чэка і задняй часткі каробкі асобна. Прымацаваць здымкі да ліста і дадаць інфармацыю пра краму з першага пункта.
Час адказу тэхслужбы можа скласці ад 1 да 7 сутак. Калі ўсё пройдзе паспяхова, вам прыйдзе адказ, што iCloud Activation Lock зняты.