Вы тут

У БАТЭ "ўсё добра", у "Смалявічах" no comments: COVID-19 узяўся за футбол

Гульцы "Дынама-Брэст" перад матчам са "Смалявічамі" / vk.com/dynamobrest

Да сярэдзіны сакавіка 2020 года большая частка краін паставіла свае чэмпіянаты па футболе на паўзу. Але Беларусь не паддалася "каронапсіхозу". Футбольны чэмпіянат у нашай краіне пачаўся ў тэрмін і працягваўся ўвесь гэты час. За ім — праз адсутнасць чагосьці іншага — назіралі заўзятары па ўсім свеце.

Але нельга проста так узяць і праігнараваць пандэмію. Расплата прыйшла ў пачатку ліпеня. COVID-19 выявілі ў гульцоў і супрацоўнікаў дзейнага чэмпіёна Беларусі — брэсцкага "Дынама". Хварэюць футбалісты і ў іншых клубах. Здавалася б, гэта — сумнае завяршэнне казкі пра асаблівы беларускі шлях. Тым не менш чэмпіянат Беларусі... працягваецца.

 

Not great, not terrible

На матчы чэмпіянату Беларусі па футболе / Reuters

No comments

3 ліпеня брастаўчане гулялі ў гасцях са "Смалявічамі". Да таго моманту ўжо была інфармацыя, што ў некалькіх брэсцкіх футбалістаў падазраюць каранавірус. Як "Смалявічам" было гуляць у такіх умовах?

"Без каментароў", — адказвае на наша пытанне галоўны трэнер клуба Аляксандр Бразевіч. Паводле нашай інфармацыі, днём 6 ліпеня ён быў у АБФФ на нарадзе, вынікі якой нам невядомыя.

У прэс-службе ўдакладняюць, што праблем са здароўем у гульцоў пакуль што няма. Яно і зразумела: сярэдні інкубацыйны перыяд COVID-19 — 5-7 дзён.

Калі чэмпіянат Беларусі не будзе спынены, наступную гульню "Дынама-Брэст" правядзе 10 ліпеня са "Слуцкам". Чэмпіёны Беларусі заявілі на матч дублявальны склад.

 

"Ніякіх лістоў ні ад федэрацыі, ні ад "Дынама-Брэст" пра перанос не паступала, таму рыхтуемся да гульні. Спадзяёмся, што хворыя гульцы не будуць прыцягнутыя", — расказваюць Еўрарадыё ў прэс-службе "Слуцка". — Там ёсць хлопцы, якія і ў дублявальным складзе так званым могуць выдаць добрую гульню. Таму нейкага "шапказакідальніцкага" настрою ў нас няма. Трэба гуляць на вынік. У "Дынама-Брэст" лаўка такая, што нават з мінус двума-трыма гульцамі яны могуць даць бой. Усё-ткі чэмпіёны краіны".

UPD: Праз некалькі хвілін пасля публікацыі гэтага артыкула стала вядома, што матч паміж камандамі "Дынама-Брэст" і "Слуцк" перанесены з 10 ліпеня на 12 жніўня 2020 года.

Водныя працэдуры на матчы "Славія" — "Слуцк" / vk.com/sfc.slutsk

А што ў іншых клубаў?

У траўні 2020 года праз пацверджаны каранавірус у аднаго з гульцоў было перанесена некалькі матчаў з удзелам мінскага "Дынама". Каманда нават два тыдні знаходзілася на самаізаляцыі. Што ж там цяпер?

"У нас абсалютна ўсё нармальна і спакойна. Захады робяцца ўжо апошнія тры месяцы: пастаянны медыцынскі кантроль і рэкамендацыі футбалістам, каб яны нікуды не выходзілі без патрэбы — толькі трэніровачная база і дом, па сутнасці", — паведамілі ў прэс-службе мінчукоў.

У футбольнага клуба "Гарадзея" каранавірус выкасіў лінію паўабароны. У паўабаронцы Сяргея Пушнякова пацверджаны COVID-19, ён лечыцца дома. "Захворванне праходзіць без сімптомаў, стан добры", — паведамляе прэс-служба клуба. У яшчэ аднаго паўабаронцы, Андрэя Сарокіна, трымаецца высокая тэмпература. Ён таксама лечыцца ў хатніх умовах.

Напярэдадні з'явілася неафіцыйная інфармацыя, што паўабаронца Станіслаў Сазановіч знаходзіцца ў бальніцы на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Клубная прэс-служба ў панядзелак гэта абвергла: "Не знаходзіцца і не знаходзіўся на штучнай вентыляцыі лёгкіх". У Сазановіча двухбаковая пнеўманія, ён шпіталізаваны. "На цяперашні момант стан стабільна здавальняючы, тэмпературы няма", — піша fcgorodeya.by.

 

Футбалісты салігорскага "Шахцёра" радуюцца голу / vk.com/fcshakhterby

На аўторак запланавана праходжанне гульцамі, трэнерамі і адміністрацыяй "Гарадзеі" экспрэс-тэстаў на COVID-19.

Паведамленняў пра праблемы са здароўем у барысаўскім БАТЭ, якое займае цяпер другі радок у чэмпіянаце Беларусі, не было.

"У нас усё добра", — лаканічна адказаў на пытанне Еўрарадыё прэс-сакратар БАТЭ Сяргей Дашкевіч.

Лідары чэмпіянату — футбалісты салігорскага "Шахцёра" — таксама на здароўе не скардзяцца.

"Нейкіх дадатковых мер кіраўніцтва цяпер не ўводзіла, — расказвае прэс-сакратар ФК "Шахцёр" Віктар Валадзько. — Але ў нас медыцынскі стаф сочыць за станам не толькі асноўнай каманды, але і дубля, і другой каманды, і акадэміі. На паверхах усюды антысептыкі. Хлопцы калі кудысьці выходзяць, то ў масках. Можа, таму што мы занадта сур'ёзна да гэтага ставіліся, у нас і няма праблем".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.