У Баранавічах за "абразу Лукашэнкі" асуджаны мужчына з 1-й групай інваліднасці

У Баранавічах за "абразу Лукашэнкі" асуджаны 24-гадовы мужчына з першай групай інваліднасці. Як піша intex-press.by, Уладзіслаў Рабіч мае дыягназ ДЦП і выкарыстоўвае вазок. 12 верасня суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна (суддзя — Мікалай Кміта) вынес яму прысуд — тры гады "хатняй хіміі". У даход дзяржавы як "сродак здзяйснення злачынства" канфіскаваны адзіны камп’ютар у сям’і.

Выязное пасяджэнне суда праходзіла ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва горада Баранавічы. На ім было заяўлена, што Рабіч у траўні сёлета змясціў у адным з тг-каналаў пад відэа каментар, у якім і пабачылі "абразу Лукашэнкі". Абвінавачаны ад дачы паказанняў адмовіўся. Адказваючы на пытанні суддзі, мужчына адказаў, што ўсвядоміў свае дзеянні і што ў зробленым раскайваецца.

Суддзя заўважыў, што асуджаны "можа трапіць пад амністыю", паведамляюць праваабаронцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.