Трывога на Глыбоччыне: работнікам свінакомплекса забаранілі трымаць свіней

Работнікам свінатаварнага комплекса “Маліноўшчына”, які належыць ААТ “Канстанцінаў Двор”, забаранілі трымаць свіней у асабістым падвор’і. Яны былі вымушаны ў кароткі тэрмін зарэзаць усіх сваіх свіней.

Тыя, хто гэта зрабіць адмовіўся, былі вымушаныя альбо наогул звольніцца з працы ў гаспадарцы, або перайсці на іншую працу ў самой гаспадарцы.



Такія строгія меры выкліканыя тым, што ў асабістай гаспадарцы цяжка выконваць санітарныя нормы супраць распаўсюджвання інфекцыі. А калі праз работніка вірус перадасца пагалоўю комплекса, яго будуць вымушаныя цалкам знішчыць. Гэтыя захады былі ўведзеныя пасля таго, як стала вядома пра з’яўленне ачага хваробы ў Віцебскім раёне.

 

Першы ачаг быў выяўлены ў чэрвені ў Іўеўскім раёне. Там і ў суседніх раёнах у людзей забіралі і знішчалі свіней. Дзяржава абяцае кампенсаваць насельніцтву страты, звязаныя з адабраннем свіней з мэтай недапушчэння распаўсюджвання на тэрыторыі краіны афрыканскай чумы свіней. За 1 кг жывога вагі сёння выплачваецца 18 тысяч 337 рублёў — гэта кошт 1 кг свініны другой катэгорыі.

 

Афрыканская чума свіней — віруснае захворванне хатніх і дзікіх свіней. Яно перадаецца пры прамым кантакце здаровых і хворых жывёл, праз прадукты з свініны, кляшчамі і механічна (транспартнымі сродкамі, пры перамяшчэнні жывёл). Вакцыны няма. Амаль усе пагалоўе хворых свіней гіне. Жывёлы з падазроным захворваннем знішчаюцца. Для чалавека афрыканская чума свіней бяспечная.

"Чумка ідзе. Баяцца, каб сюды не завезлі, і машыны не пускаюць"

Фота — bymedia.net