"Чумка ідзе. Баяцца, каб сюды не завезлі, і машыны не пускаюць"

Пад Магілёвам пад'езды да агракамбіната "Усход" перакрылі бетоннымі плітамі з-за афрыканскай чумы свіней. А ў фірмовых крамах ужо тыдзень няма мяса. Еўрарадыё выправілася на месца да агракамабіната, дзе знаходзіцца вялікая свінаферма.

"Перакрыта там. Мы толькі адтуль. Трэба па коле аб'язджаць", — распавядаюць двое мужчын, якіх сустракаем па дарозе.

Дарогу, як ехаць з горада, перагарадзілі вялікімі бетоннымі плітамі. Праехаць нельга ніяк, аб'ехаць іх так сама немагчыма. Таму, каб дабрацца да камбіната "Усход", выпраўляемся па гомельскай трасе ў вёску Вільчыцы, у аб'езд. Там цікавімся ў мясцовых жыхароў, як праехаць да агракамбіната. Тут адразу ж кажуць: не праедзеце, бо перакрылі з-за чумы.

"Чума гэтая афрыканская. Яны ўсю дарогу цалкам перакрылі і з таго, і з таго боку "Усход". А вы ў буфет едзеце па мяса? У нас у краме таксама мяса няма, бо не прывозяць. Няма ў іх каму працаваць".

Ужо на выездзе з вёскі ў напрамку камбіната на дарозе стаіць знак "праезд забаронены, небяспека". Пад такі ехаць не дазваляюць правілы дарожнага руху. Таму далей па трасе ідзём пешшу. За гэтыя два кіламетры міма праносяцца некалькі машын.

На самім свінакомплексе працуе той самы "буфет" — фірмовая крама, дзе прадаюць мяса. Супрацоўніцы тлумачаць, што чумы на прадпрыемстве няма, а дарогу перакрылі для прафілактыкі.

"Чумка ідзе. Мяса прадаюць, але ж яно ўсё праверанае. Проста баяцца, каб сюды не завезлі. І машыны сюды не пускаюць. Чума паўсюль па Беларусі. Таму перакрылі ўсё. Даў указанне гарвыканкам закрыць вось гэты праезд. Тут жа пастаянна ідзе транспарт, і грузавыя, і легкавыя машыны ездзяць адна за адной. Далі ўказанне часова зачыніць".

Калі ў краме цікавімся, чаму няма мяса па горадзе, тлумачаць, што не хапае забойшчыкаў. Мужчына на аўтамабілі з дзяржпропускам, які падвозіць па дарозе назад, таксама кажа, што перакрылі дарогу, каб міма не ездзілі аўтамабілі і не завезлі вірус чумы.

Афіцыйна ў Беларусі зарэгістравана ўжо два ачагі афрыканскай чумы свіней. Першы ў Іўеўскім раёне, другі — у Віцебскім.

На мяжы з Польшчай увялі карантын, усе людзі мусяць праходзіць па адмысловых дыванках з дэзінфекцыяй, а Літва хоча адгарадзіцца ад Беларусі плотам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі