Мінсельгасхарч Беларусі: Нам не трэба столькі свініны

Мінсельгасхарч Беларусі: Нам не трэба столькі свініны

У Беларусі не стаіць задача аднавіць пагалоўе свіней пасля ўспышкі афрыканскай чумы да ўзроўню 1 студзеня 2013 года. Тады пагалоўе свіней у нашай краіне складала 3 млн 303,7 тыс. галоў.

Пра адмову ад такіх вялізных лічбаў заявіла на прэс-канферэнцыі 20 ліпеня начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Соніч.

"Нам не трэба столькі свініны ў рэспубліцы. Да 2020 года стаіць задача па вытворчасці свініны ў 500 тыс. тон і не больш. Мы цалкам сябе забяспечваем ў разліку на душу насельніцтва і разумеем, што экспарт свініны абмежаваны ва ўсе краіны. У нас стаіць задача атрымліваць добрыя сярэднясутачныя прыбаўкі і рэнтабельнасць", — перадае БелаПАН яе заяву. Соніч заявіла, што сёлета чакаецца выраб 435 тысяч тон свініны. Гэта павінна цалкам задаволіць патрэбы беларускага рынку і загрузіць усе магутнасці мясаперапрацоўчых камбінатаў.

Чыноўніца адзначыла, што да 2020 года да 50-60% пагалоўя свіней будзе вырошчвацца на новых свінакомплексах. Старыя нізкарэнтабельныя свінакомплексы плануецца зачыніць або перапрафіляваць.

Дарэчы, у пастанове ўрада №793 ад 15 жніўня 2014 года гаворыцца, што на 1 студзеня 2016 года пагалоўе свіней будзе адноўленае да ўзроўню 2013 года і складзе 3,3 млн. галоваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі