Вы тут

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Галляш Сялява і беларуская Ібіца ў Браславе

Тут і далей фота: Еўрарадыё / Раман Пратасевіч 

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “так званыя ліберальныя колы” няправільна ўяўляюць сабе беларускую грамадзянскую супольнасць. “Гэта не тое, што тры апазіцыянеры, два чыноўнікі і яшчэ нейкія арганізацыі. Грамадзянская супольнасць — гэта грамадзяне”, — і тут нават мы з ім пагадзіліся.

Але далей Лукашэнка разгарнуў сваю думку ў нечаканым кірунку: “А грамадзяне нашай краіны ў сваёй большасці — гэта і ветэраны, і моладзь, якую прадстаўляюць нашы, як я іх называю, камсамольцы — БРСМ, гэта прафсаюзы і жаночая арганізацыя”. Ветэраны, БРСМ, прафсаюзы, жанчыны…Дзе ў гэтым пераліку месца для грамадскіх актывістаў, якія па ўсёй Беларусі дапамагаюць беларусам змагацца за іх правы?

У праекце “Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі” Еўрарадыё працягвае распавядаць пра неабыякавых людзей Беларусі. У папярэдніх серыях мы пабывалі ў Верхнядзвінску, у Слуцку і ў Светлагорску.

Але наша сённяшняя вандроўка — зусім іншая. Мы спыняемся ў Браславе — курортным горадзе на паўночным захадзе Беларусі. Грамадскі актывізм тут зусім іншы — ціхі, непалітычны. Пра гэта мы размаўляем з журналістам Галляшом Сялявам.

“Падчас Viva Braslav з’язджаю на хутар”

Галляш сустракае нас на аўтастанцыі. З раніцы ў горадзе вельмі шумна: працуюць трактары і экскаватары. Будаўнікі рыхтуюць горад да “Дажынак” і музычнага фестывалю Viva Braslav, які пройдзе ў канцы ліпеня. З невялічкага мерапрыемства для тутэйшых фэст за 6 гадоў вырас у вялікую падзею. Чакаецца, што ў Браслаў прыедзе 20 тысяч гледачоў. Хлопец кажа, што для тутэйшых гэта выдатная магчымасць зарабіць.

“На здачы жылля, на продажы сувеніраў, на пасажырскіх перавозках, — гаворыць ён. — Увогуле, я лічу, што Viva Braslav стаў рухавіком для развіцця інфраструктуры. А сёлетнія “Дажынкі” спрыяюць развіццю пляжнай зоны. Памятаю, падчас першага фэсту ці не я адзін быў журналістам, які распавядаў пра яго. Цяпер сюды тысячы людзей едуць. А я на час фестывалю з’язджаю на хутар”.

Некалькі гадоў таму назваць Браслаў курортным горадам было складана. Турысты рэгулярна скардзіліся на інфраструктуру месца, у якое прыязджалі адпачываць.

“Прыехаў, пакупаўся, схадзіў у кавярню — і больш тут няма чаго рабіць, — распавядае Галляш. — Але я лічу, што не ўсё адразу. І справа не толькі ў кавярнях. Паступова з’явяцца новыя актыўнасці.

Мяркую, што праз 15-20 гадоў Браслаў будзе падобны на Юрмалу ці на Ібіцу. Усё паступова, усё з часам. У чым розніца: адпачыць у Браславе ці ў Турцыі? Так, там больш развіты сэрвіс. Але яны таксама пачыналі з нечага невялікага”.

 

Фатограф, які піярыць горад 

Каб піярыць горад, у 2012 годзе Галляш Сялява стварыў сайт braslaw.by. “Я тады ў раёнай газеце працаваў, — распавядае Галляш. — Але паралельна хацелася стварыць свой партал. Спачатку я ў асноўным публікаваў там навіны, але цяпер акцэнт рабіцца на турызме. Каб госці горада ведалі, дзе можна спыніцца, паесці, нешта паглядзець. Таму акрамя навін раблю кантэнт для турыстаў”.

Калі першапачаткова Галляш Сялява займаўся сайтам у вольны час, дык цяпер гэта галоўны партал горада. Тутэйшыя прыходзяць у рэдакцыю з мясцовымі праблемамі.

“Я называю сябе фатографам, які піярыць родны горад за яго межамі, — гаворыць Галляш пра сваю працу. — Той чалавек, які раскручвае брэнд горада. Я спадзяюся, што ўплываю на гэта”. 

З журналістам мы ідзём па Браславе. З Галляшом вітаюцца мінакі. Хлопец сціпла заўважае, што не робіць нічога асаблівага, а неабыякавых людзей у горадзе хапае.

Ніхто не робіць, таму даводзіцца рабіць самім

Брэнд “Браслаўскія азёры” вядомы з савецкіх часоў. Але ў 1990-я раскручваць яго не было каму. У Браславе і да сёння шмат машын з латвійскімі нумарамі, але вабяць людзей не толькі азёры. Да мяжы ўсяго 12 км — замежнікі прыязджаюць да нас па танны цукар, глазураваныя сыркі і паліва.

“Да Даўгаўпілса каля 40 кіламетраў, да Літвы блізка. Людзі адтуль прыязджаюць да нас і трацяць грошы, — распавядае журналіст. — Напрыклад, глазураваныя сыркі — гэта хіт для латышоў. Іх вывозяць партыямі”.

Мы падыходзім да мясцовага музея, дзе захавальніцай фондаў працуе Ганна Базарэвіч. Разам з мужам дзяўчына ладзіць інтэлектуальныя гульні ў Браславе. 

“Прыходзяць госці і жыхары горада, — распавядае Еўрарадыё Ганна. — Збіраецца звычайна па 7-8 камандаў. Робім мы гэта не з-за грошай — у нас free donation [кожны гулец плаціць столькі, колькі лічыць патрэбным. — Еўрарадыё], а проста, каб яны былі. Калі б іх праводзіў нехта іншы, мы б хадзілі. Дарэчы, з мужам мы пазнаёміліся на такой гульні ў Віцебску, таму для нас гэта асабістае”.

Ганна Базарэвіч

Акрамя інтэлектуальных гульняў, Ганна клапоціцца пра экалагічную сітуацыю ў горадзе. Пасля вяртання ў Браслаў разам з мужам яны пачалі шыць для жыхароў экалагічныя торбы. 

“Муж займаецца раскроем, я шыю і раблю розныя малюнкі на замову, — гаворыць мясцовая жыхарка. — Торбы вельмі-вельмі танныя. І мы хочам дажыць да таго часу, калі браслаўчане на пытанне ў краме: “Пакетик надо?” — будуць адказваць: “Не!”.

Кожны жыхар — частка грамадзянскай супольнасці

У 2015 годзе замест вокнаў музея супрацоўнікі ўсталявалі банеры з гістарычнымі фатаграфіямі Браслава. На фота відаць, як змяніўся горад за апошнія 100 гадоў. Летась у музей завітаў паляк, які ў дзяцінстве — “за польскім часам” — жыў у Браславе.

“Мужчына запэўніваў, што маленькі хлопчык у белым капелюшы на фота 1930-х гадоў гэта ён, — распавядае супрацоўніца музея. — Ён прасіў прадаць яму гэты банер. Мы дамовіліся на кампраміс: зрабілі копіі фота і банера. Пазнаёміліся і высветлілі, што чалавек узначальвае зямляцтва браслаўчан у Варшаве. Часам прыязджае ў Браслаў, але сваё дзіцячае фота пабачыў цяпер упершыню”.

У Браславе сёння жыве амаль 10 тысяч чалавек. Галляш кажа, што тут шмат актыўных і таленавітых людзей, якія і складаюць грамадзянскую супольнасць горада. 

“Кожны жыхар свядома ці не свядома спрычынены да грамадзянскай супольнасці, — разважае журналіст з Браслава. — Нехта займаецца прадпрымальніцтвам, я фатаграфую, нехта пячэ хлеб, а ў цэлым мы браслаўчане”.      

Галляш дадае, што ў яго былі думкі з’ехаць за мяжу. Але толькі на нейкі час — напрыклад, каб атрымаць новыя веды, якія потым прыйдуцца дарэчы ў родным горадзе.