“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: едзем да беларускіх грамадскіх актывістаў!

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: едзем да беларускіх грамадскіх актывістаў!
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “так званыя ліберальныя колы” няправільна ўяўляюць сабе беларускую грамадзянскую супольнасць. “Гэта не тое, што тры апазіцыянеры, два чыноўнікі і яшчэ нейкія арганізацыі. Грамадзянская супольнасць — гэта грамадзяне”, — сказаў кіраўнік Беларусі, і тут нават мы з ім пагадзіліся.

Але далей Лукашэнка разгарнуў сваю думку ў нечаканым кірунку: “А грамадзяне нашай краіны ў сваёй большасці — гэта і ветэраны, і моладзь, якую прадстаўляюць нашы, як я іх называю, камсамольцы — БРСМ, гэта прафсаюзы і жаночая арганізацыя”.

Ветэраны, БРСМ, прафсаюзы, жанчыны… Дзе ў гэтым пераліку месца для грамадскіх актывістаў, якія па ўсёй Беларусі дапамагаюць беларусам змагацца за іх правы? Еўрарадыё вырашыла аднавіць справядлівасць. У праекце “Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі” мы будзем распавядаць пра неабыякавых грамадзян. Іх штодзённая праца і фарміруе тую самую грамадзянскую супольнасць, якую так своеасабліва разумее Аляксандр Лукашэнка.

Мы пачынаем у невялікім райцэнтры Верхнядзвінск на поўначы Беларусі. Тут жыве Валянціна Болбат, якая больш за 40 гадоў дапамагае людзям зрабіць свет лепшым. І не чакае “Дзякуй!” у адказ.

 

З журналістаў у актывісты

З Валянцінай Болбат мы сустракаемся ў яе дома. Актывістка жыве ў прыватным сектары на вуліцы Дзяржынскага. “Лепш месца для грамадскай дзейнасці і не прыдумаць”, — іранічна заўважае Валянціна.

На гадзінніку каля 9 раніцы. Гаспадыня частуе нас кавай з бутэрбродамі і не выпускае з рук тэлефон — размаўляе з жыхарамі “чарнобыльскага” дома, якім трэба дапамагчы з добраўпарадкаваннем у двары. У планах на дзень звязацца з чыноўнікамі мясцовага райвыканкама, заехаць да камунальнікаў і дапамагчы шматдзетнай маці з адкрыццём свайго бізнесу.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: едзем да беларускіх грамадскіх актывістаў!
Валянціна Болбат

“Я прыехала ў Дрысу [да 1962 года Верхнядзвінск называўся Дрыса. — Еўрарадыё] амаль 40 год таму. Працавала журналістам — з гэтага і пачалася мая грамадская дзейнасць, — распавядае Еўрарадыё Валянціна Болбат. — Людзі прыходзілі з праблемамі, а праблемы ж трэба не толькі агучваць, але і вырашаць.

Калі трэба рыхтавацца да нейкага мерапрыемства, дык мой дзень і раней можа пачацца. Звычайна — кава ці гарбата, і не пазней за 9 раніцы пачынаю займацца грамадскімі справамі”.

У доме шмат сямейных фатаграфій. Муж Валянціны памёр шмат гадоў таму, іх сын жыве ў Верхнядзвінску. Акрамя грамадскіх спраў, у жанчыны ёсць хатнія абавязкі: яна даглядае 90-гадовую маці.

Актывістка дапівае каву, робіць некалькі званкоў і выходзіць, каб завесці машыну. У двары брэша пёс Амур. Наступны раз ён сустрэнецца са сваёй гаспадыняй толькі вечарам.

Самы страшны дом у СНД

У салоне зялёнага “фольксвагена” бела-чырвона-белая стужка. Валянціна распавядае, што супрацоўнікам ДАІ яе машына добра знаёмая. Чыноўнікі і міліцыянты Верхнядзвінска ведаюць Валянціну Болбат у твар.

Па дарозе да “чарнобыльскага” дома мясцовая актывістка прыгадвае, як прыехала ў Верхнядзвінск. “Я скончыла тэатральнае аддзяленне культурна-асветніцкага вучылішча з “чырвоным” дыпломам. Мела свабоднае размеркаванне. Пра Верхнядзвінск тады нічога не ведала. Казалі, што тут нібыта караблі ходзяць па Дзвіне і што краіны Балтыі недалёка... З ліпеня 1973 года пачала працаваць тут дырэктарам Дома культуры. З гэтага і пачалося маё жыццё на Верхнядзвіншчыне”.

Каля пяціпавярховіка на вуліцы Першамайскай нас чакаюць мясцовыя жыхары. “Чарнобыльскі” дом тэрмінова пабудавалі для перасяленцаў з Нараўлянскага і Брагінскага раёнаў Гомельскай вобласці адразу пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Будаваць трэба было хутка, таму пра якасць асабліва ніхто не клапаціўся.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: едзем да беларускіх грамадскіх актывістаў!
Кватэра ў доме да рамонту
“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: едзем да беларускіх грамадскіх актывістаў!
Валянціна Мінчук

“З Нароўлі ў Верхнядзвінск пасля аварыі эвакуіравалі Завод сталярных вырабаў, — распавядае Еўрарадыё жыхарка дома Валянціна Мінчук. — Кіраўніцтва прадпрыемства прапанавала людзям пераехаць у Верхнядзвінск. Наша сям’я атрымала чатырохпакаёвую кватэру, але ўжо з першых гадоў дах дома пацёк. Я хадзіла да чыноўнікаў, прасіла, каб дапамаглі. І толькі два гады таму зрабілі рамонт”.

“У кожнай кватэры свая гісторыя рамонту, — распавядае актывістка. — Агульнымі намаганнямі сітуацыю атрымалася змяніць. А цяпер мы вырашылі: чаму б не добраўпарадкаваць двор? Летась высадзілі дрэўцы, паклалі плітку, пабудавалі альтанку. У планах пачысціць сажалку, зрабіць прыгожую набярэжную. Калі давесці тут усё да ладу, дык можна зрабіць цудоўнае месца для адпачынку. І для дзяцей, і для дарослых, бо з дзіцячымі пляцоўкамі таксама ёсць праблемы”.

Каля сажалкі мы размаўляем з жыхарамі Верхнядзвінска. Домікі для качак на беразе зрабіў былы афганец Мікалай Гарбуза. “Усё, што ёсць у двары, людзі зрабілі самі, — дадае Валянціна Болбат. — Але калі не падтрымліваць людскую ініцыятыву, яна губляецца”.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: едзем да беларускіх грамадскіх актывістаў!
Разам з жыхарамі "чарнобыльскага" дома

Галоўная праблема — страх

У цэнтры Верхнядзвінска ўзорная чысціня, ды і добрыя дарогі таксама складана не заўважыць. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што летась у горадзе праводзіліся “Дажынкі”, а магчыма, і тым, што суботнікі тут праводзяцца яшчэ і ў буднія дні. Але чым бліжэй да ўскраіны, тым горшым робіцца асфальт. А месцамі яго ўвогуле няма.

Мы спыняемся на беразе Заходняй Дзвіны. Актывістка распавядае, як звольнілася з Дома культуры і прыйшла ў журналістыку: “Працавала на рыдыё. Была загадчыцай аддзела газеты “Дзвінская праўда”. Супрацоўнічала з беларускім тэлебачаннем. Агулам адпрацавала больш за 20 гадоў! Журналістыку сапраўды лічыла сваёй справай. Але так атрымалася, што ў 1985 годзе я ўзначаліла раённае аддзяленне “Фонду міру” [Сусветная дабрачынная недзяржаўная арганізацыя з філіяламі ў Беларусі. — Еўрарадыё]. Калі людзі звярталіся, дык я імкнулася ім дапамагчы і вырашыць праблему”.

Неабыякавыя людзі ў раёне ёсць, але іх не так шмат. Чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй у невялікім горадзе сутыкаецца з ціскам. Вытрымліваюць яго не ўсе — шмат хто завязвае з актывізмам і вяртаецца да асабістых спраў.

“Гэта ўсё няпроста. Ёсць недавер і ціск, але не заўсёды было так. На пачатку 2000-х актыўных людзей было больш, мы рабілі карасныя справы. Але няпростыя стасункі з уладай зрабілі сваю дрэнную справу — некаторыя людзі перасталі займацца грамадскай дзейнасцю. Сёння кантакт з уладай ёсць, але з пэўнай недаверлівай аглядкай на нас”.

Самай галоўнай праблемай у беларускім грамадстве Валянціна Болбат называе страх. Калі чалавек, каб атрымаць дапамогу ў крытычнай сітуацыі, баіцца назваць сваё імя — гэта сапраўдная бяда.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: едзем да беларускіх грамадскіх актывістаў!

Стамілася выжываць

На гадзінніку амаль 14-я гадзіна. Валянціна Болбат робіць некалькі званкоў. Хутка чарговая сустрэча. Жыхарка Верхнядзвінска Вольга Кліманская хоча адкрыць маленькі бізнес, але не ўсё так проста.

Па дарозе Валянціна распавядае, што ў раёне ёсць праблемы з працай: “У нас для беспрацоўных ёсць курсы па перакваліфікацыі, але гэта працуе не заўжды. З іншага боку, сёння ёсць фонды, звязаныя з жаночым сацыяльным прадпрымальніцтвам. Я хачу дапамагчы Вользе атрымаць неабходную адукацыю праз грамадскі сектар”.

У Вольгі Кліманскай 5 дзяцей і ордэн Маці. У 2014 годзе годзе жанчына згубіла працу на Верхнядзвінскім масласырзаводзе. Па словах Вольгі, у цэху ёй стала кепска, але, каб схаваць здарэнне на вытворчасці, яе ў непрытомным стане вынеслі за тэрыторыю завода на насілках.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: едзем да беларускіх грамадскіх актывістаў!
Вольга Кліманская

“Раніцай да мяне прыехалі з аддзела кадраў прадпрыемства, — распавядае Еўрарадыё Вольга Кліманская. — Прапанавалі падпісаць паперу, што разыходзімся “па згодзе бакоў”. Разумееце, у нас маленькі горад, я спужалася і ўсё падпісала”.

Каб звесці канцы з канцамі, Вольга ўладкавалася прадавачкай у аўталаўку. Пазней яна скончыла педагагічныя курсы і працавала выхавацелькай у дзіцячым садку. Праз два гады адтуль прыйшлося сысці, бо атрымаць прафесійную адукацыю жанчына не змагла.

“Не было матэрыяльнай магчымасці і часу, каб паступіць, — гаворыць Вольга. — Працу ў садку прыйшлося пакінуць. Каля трох месяцаў я была без працы. На Дзень маці дачакалася старшыню райвыканкама Марковіча каля яго дома і папрасіла падарунак на свята — вакансію”.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: едзем да беларускіх грамадскіх актывістаў!

У той час, каб пракарміць сябе і дзяцей, жанчына пякла піражкі і гандлявала імі. Яна вырашыла развіваць гэты бізнес. Вольга нават набыла ў растэрміноўку невялічкую аўталаўку “Купава”. Але, каб пачаць працу, трэба прайсці шэраг дзяржаўных кабінетаў.

“У мяне ёсць мара, — распавядае Вольга. — На вачах у людзей гатаваць гарачыя булачкі, пончыкі, блінчыкі, смятаннікі, піражкі. Каб асартымент адпавядаў пакупніцкай магчымасці людзей нашага мястэчка, бо заробкі нізкія. І аўталаўку я хачу назваць “Усё за рубель”.

Я б ужо заўтра пайшла працаваць, але мне трэба месяц адстаяць у Цэнтры занятасці. Потым бізнес-план будуць разглядаць у райвыканкаме. Гэта ўсё час”.

Цяпер Вольга працуе прадавачкай у “Дабраноме”. Яна верыць, што атрымае ўсе неабходныя дазволы, выканае патрабаванні і пачне працаваць на сябе. Але пакуль жанчына абцяжарана іншым: двум сынам, якія сёлета заканчваюць школу, патрэбныя касцюмы на выпускны. Таксама трэба разлічвацца за аўталаўку.

“Я не кажу, што хачу зарабляць фантастычныя грошы, — гаворыць шматдзетная маці з Верхнядзвінска. — Але я стамілася выжываць. У Беларусі ёсць праграма, каб нараджалі больш дзяцей. Але не будуць нараджаць, калі паглядзяць, як пакутуюць шматдзетныя маці”.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: едзем да беларускіх грамадскіх актывістаў!
З Алай Марозавай

Чыноўнікі ў бягах

Па пытаннях добраўпарадкавання гарадскіх двароў Валянціна Болбат заязджае ў мясцовае ўпраўленне ЖКГ. Потым яшчэ адна сустрэча — з дырэктарам “Цэнтра дзяцей і моладзі” Алай Марозавай наконт дзіцячай пляцоўкі ў двары ўстановы.

Ці дапамагаюць мясцовыя ўлады вырашаць праблемныя пытанні? За тры дні да прыезду ў Верхнядзвінск мы папрасілі Валянціну арганізаваць сустрэчу з чыноўнікамі. Але галоўны спецыяліст ідэалагічнага аддзела райвыканкама Наталля Мароз адказвае, што магчымасці сустрэцца няма:

“У нас суботнікі і ўсё астатняе, мы тут усе ў бягах, Таццяна Васільеўна ў адпачынку [Таццяна Сявалкіна — намесніца старшыні райвыканкама. —  Еўрарадыё]. Ну а мне ніхто не даваў паўнамоцтваў, таму неяк так”.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: едзем да беларускіх грамадскіх актывістаў!

Па словах Валянціны Болбат, чыноўнікі сцвярждаюць, што ведаюць пра патрэбы людзей лепш за актывістаў. Навошта тады жанчыне ўся гэтая грамадская праца?

“У мяне ёсць патрэба, я хачу гэта рабіць, — адказвае Валянціна. — І калі мне гавораць, маўляў, ніхто нават “Дзякуй!” не скажа — дык я і не чакаю. Пакуль я магу, дык буду займацца грамадскай працай”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі