Трэба цяпер думаць, як жыць без газу з Расіі, каб не страціць незалежнасць зноў

Беларусі трэба тэрмінова думаць пра энергетычную незалежнасць / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Беларусі трэба тэрмінова думаць пра энергетычную незалежнасць / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Калі ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя змены, Расія выкарыстае любыя сродкі ціску на краіну, каб захаваць уплыў. Гэта можа быць у тым ліку павышэнне кошту на энергетычныя рэсурсы ці ўвогуле спыненне іх паставак. Таму ўжо сёння варта думаць пра сцэнар, пры якім Беларусь акажацца без расійскага газу, піша эканаміст, спецыяліст дэпартамента энергетычнай бяспекі iSANS Яўген Макарчук.

Еўрарадыё даведалася, што прапануе эксперт, каб да гэтага падрыхтавацца.
 

Ціснуць праз энерганосьбіты — тыпова для Расіі

Афіцыйныя расійскія прадстаўнікі звычайна кажуць, што кошты на газ і іх абмеркаванне — гэта спрэчка гаспадарчых суб’ектаў, адзначае Макарчук.

Фактычна мы бачым, што палітычны складнік кошту на газ значна перавышае ўсе астатнія. Гэта відаць на прыкладзе Украіны і Малдовы.

Краіны нашага рэгіёну, якія змянялі знешнепалітычны кірунак развіцця, праходзілі праз перыяд газавых ці нафтавых канфліктаў з Расіяй. Таму і нас пасля змены палітычнага курсу напэўна чакае павышэнне коштаў на газ і нафту, а магчыма, нават спыненні паставак. 

Трэба цяпер думаць, як жыць без газу з Расіі, каб не страціць незалежнасць зноў
Без расійскага газу будзе цяжка, але гэта трэба для нацыянальнай бяспекі / Getty Images

Падвышенне коштаў можна перажыць, хоць гэта і ўдарыць па гаманцах беларусаў. Праблему абмежавання паставак жа такім чынам не вырашыш. А наступствы ад такога сцэнара будуць больш істотнымі, лічыць эксперт.

Пры поўным спыненні паставак газу праца энергасістэмы немагчымая, а наяўных запасаў не хопіць на працяглы перыяд. Электрастанцыі не змогуць забяспечваць баланс магутнасці, што можа прывесці да масавых адключэнняў электраэнергіі. Цеплазабеспячэнне гарадоў асноўваецца на ЦЭЦ, якія працуюць на газе. Большасць раённых кацельных працуе на прыродным газе.

Ёсць магчымасць часткова замяніць выкарыстанне прыроднага газу на мазут, але ёсць шэраг аб’ектаў, на якіх такая замена немагчымая. Асабліва гэта тычыцца раённых кацельных і энергаабсталявання прадпрыемстваў. І на прыкладзе Украіны мы бачым, што Расія гатовая пайсці на такія крокі, не лічачыся з рызыкамі і пакутамі насельніцтва.
 

Грамадства трэба падрыхтаваць

У апошнія гады тэхнічныя магчымасці паставак газу з іншых краін пашырыліся, але ўсё адно трэба будзе вырашыць шмат пытанняў.

Перш за ўсе, трэба сфармуляваць адпаведны запыт да суседніх краін і ўжо цяпер спрабаваць атрымаць ад іх пацвярджэнне гатоўнасці забяспечыць гэтую падтрымку. Калі найбольш небяспечныя наступствы сцэнара спынення паставак газу з Расіі ў Беларусь у выглядзе недахопу энерганосьбітаў будуць прадухіленыя ці вырашаныя, трэба разумець, што кошт новых паставак газу амаль напэўна ўзрасце. Адпаведна, следам узрастуць і кошты на электрычную і цеплавую энергію. 

Трэба цяпер думаць, як жыць без газу з Расіі, каб не страціць незалежнасць зноў
Беларусь занадта залежыць ад Расіі ў вайсковым і эканамічным плане / slovoidilo.ua

Масква не толькі будзе давіць звонку, але і стане актыўна фінансаваць прарасійскія сілы ў Беларусі. Яны ўздымуцца ў Беларусі яшчэ хутчэй, чым дэмакратычны рух, лічыць эксперт.

Яны будуць выступаць фактычна за працяг гандлем незалежнасці ў абмен на танны газ. Цалкам імаверна, што на момант правядзення дэмакратычных выбараў мы будзем мець значны рост выдаткаў на камунальныя паслугі, збядненне насельніцтва праз пагаршэнне стану эканомікі ў выніку росту цэн на энерганосьбіты, перабоі ў забеспячэнні электра- і цеплаэнергіяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі