Вы тут

Трактар, грошы, два ствалы: як і чым Беларусь гандлюе з Афрыкай

Дэлегацыя з Афрыкі на Мінскім трактарным заводзе / belarus-tractor.com

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман зноў абмеркавалі партнёрства з краінамі Афрыкі. А старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч заявіў, што Афрыка становіцца перспектыўным і доўгатэрміновым партнёрам Беларусі.

Менш за 1%

Па звестках Белстата, у студзені — жніўні 2020 года Беларусь гандлявала з 16 афрыканскімі краінамі. Тавараабарот дасягнуў $330,2 мільёна. Гэта толькі 0,86% ад аб'ёму знешняй гандлёвай дзейнасці Беларусі за восем месяцаў.

Экспарт склаў $235 мільёнаў. Або 1,3% ад усяго беларускага экспарту.

Імпарт яшчэ меншы — $95,1 мільёна, або 0,47% ад усяго, што Беларусь купіла за мяжой у студзені — жніўні.

Звесткі Белстата / Еўрарадыё

Назіраўся ўсплёск імпарту ў 2015 годзе. Ён адбыўся ў асноўным за кошт пакупак з Марока на $300,1 млн. Адно з магчымых тлумачэнняў — у той час Расія ўвяла харчовае эмбарга на заходнюю прадукцыю і садавіна і гародніна з Марока былі перапрададзены ў Расію.

У наступныя гады імпарт з Марока знізіўся ў разы і знаходзіўся на ўзроўні $21–35 млн.

Экспарт у Афрыку расце ў асноўным за кошт гандлю з Егіптам, але і там час ад часу назіраюцца правалы. У меншай ступені, але рост забяспечваецца за кошт Камеруна, Кот-д'Івуара, Сенегала.

У цэлым устойлівымі гандлёвыя адносіны з краінамі Афрыкі назваць складана.

Звесткі Белстата / Еўрарадыё

Самы вялікі тавараабарот за студзень — жнівень гэтага года склаўся з Марока — амаль $67 млн, потым Егіпет — $50,7 млн. З Кот-д'Івуарам нагандлявалі на $36,8 млн.

Экспарт у Зімбабвэ павялічыўся ў 177 разоў

З Зімбабвэ, дзе часта бывае Віктар Шэйман, тавараабарот значна меншы — $17,3 мільёна. Але да студзеня — жніўня мінулага года ён павялічыўся ў 7,2 раза.

 

Павелічэнне адбылося за кошт паставак сельгастэхнікі, але яго складана назваць вялікім дасягненнем. Яшчэ ў 2014 годзе экспарт у Зімбабвэ дасягаў $12,4 млн, а ў 2017 годзе — амаль $19 млн. Тады Мінпрам пастаўляў у Зімбабвэ кар'ерныя самазвалы і пагрузчыкі.

30 верасня Беларусь і Зімбабвэ дамовіліся пра пастаўку 3 тысяч трактароў.

Траціна экспарту зброі — у рэгіёны Афрыкі і Азіі

Праўда, гандлюе Беларусь з Афрыкай не толькі сельгастэхнікай.

У верасні мінулага года Раман Галоўчанка, які быў тады старшынёй Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, казаў, што экспарт прадукцыі ваеннага прызначэння з Беларусі перавысіў $1 млрд. Паводле яго слоў, прыкладна траціна гэтай прадукцыі адправілася ў Афрыку і Азію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.