Вы тут

Першы беларускі ПАП звязаны з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта — расказваем як

Беларускі спецназ / Reuters

У сярэдзіне чэрвеня ў Беларусі з'явілася прыватнае ахоўнае прадпрыемства, супрацоўнікі якога маюць права захоўваць, насіць і прымяняць агнястрэльную зброю. Новаму статусу ТАА "ГардСэрвіс" быў прысвечаны асобны ўказ Аляксандра Лукашэнкі. Да таго ў гэтым бізнесе знаходзілася месца толькі для дзяржаўных ведамстваў.

"ГардСэрвіс" існуе менш за год: кампанія была зарэгістраваная ў лістападзе 2019-га і першапачаткова называлася "БелСек'юрыціГруп". Яе аднаасобны ўласнік — ТАА "Глобалкастом-менеджмент", кіруючая кампанія, завязаная на мытнай лагістыцы і аптовым гандлі. Ёю, у сваю чаргу, валодаюць беларуска Ганна Пушкарова з 60% долі і ўкраінка Ганна Хмялеўская з 40%.

У публічным доступе няма інфармацыі пра тое, хто гэтыя дамы і як задзейнічаны ў бізнесе. Здавалася б, канцы ў ваду? Ага, як жа.

Спецназавец і мастак

Дырэктарам ТАА "ГардСэрвіс" значыцца Яўген Чанаў — былы вайсковец 5-й брыгады спецыяльнага прызначэння, якая базуецца ў Мар'інай Горцы пад Мінскам. Неафіцыйны сайт брыгады паведамляе, што Чанаў стварыў эмблему і адметны нарукаўны знак вайскоўцаў асобай роты спецыяльнага прызначэння — "Чорную лісу", якая выкарыстоўваецца і да гэтага дня. Там жа расказваецца, што капітан запасу Яўген Чанаў — старшыня грамадскага аб'яднання фонду ветэранаў спецыяльных падраздзяленняў "АСА".

У свой час Чанаў скончыў спецыяльны факультэт Разанскага паветрана-дэсантнага каманднага вучылішча. Сярод выпускнікоў факультэта — былы прэзідэнт непрызнанай Паўднёвай Асеціі, экс-прэзідэнт Малі, шэраг высокапастаўленых сілавікоў постсавецкага рэгіёна.

Курсант Яўген Чанаў / з асабістага архіва

Звольніўшыся з арміі, Яўген Чанаў заняўся дакументальнымі фільмамі і серыяламі пра зброю, працаваў кансультантам па узбраеннях для здымачных груп. Але шырокую вядомасць ён атрымаў дзякуючы сваім партрэтам вядомых людзей. Яго карціны ёсць у Сяргея Бязрукава, Дзмітрыя Пяўцова, Сяргея Макавецкага, Андрэя Канчалоўскага і іншых расійскіх знакамітасцяў.

Яўген Чанаў і Сяргей Бязрукаў / з асабістага архіва

Былы міністр

Праз яркі фон малапрыкметным застаецца тое, што Яўген Чанаў працуе і на беларускую дзяржаву. Ён не толькі дырэктар ТАА "ГардСэрвіс", але і намеснік дырэктара ТАА "Белгеапошук" — прыватна-дзяржаўнай фірмы, якая займаецца геалагічнай разведкай па ўсім свеце.

У "Белгеапошуку" Еўрарадыё пацвердзілі, што Яўген Чанаў працягвае ў іх працаваць.

— Яўген Уладзіміравіч цяпер у ад'ездзе, але ён будзе на наступным тыдні. Перазваніце ў панядзелак ці аўторак, — адказалі ў прыёмнай кампаніі, калі мы звярнуліся па каментар пра здабычу бурштыну на поўдні Беларусі.

ТАА "Белгеапошук" на 25% належыць дзяржаўнаму прадпрыемству "Белзарубежгандаль" Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. У асноўным "Белзарубежгандаль" займаецца аптова-рознічным гандлем нафтапрадуктамі. Другі ўласнік кампаніі — гэта... "Глобалкастом-менеджмент", у якой 75% долі "Белгеапошука". Тут кола замыкаецца.

Схема сувязяў паміж "Глобалкастом-менеджмент", "Белгеапошук" і "ГардСэрвіс".

З вядомых праектаў ТАА "Белгеапошук" у Беларусі — спроба здабычы бурштыну ў Брэсцкай вобласці. Ад гэтай ідэі вырашылі адмовіцца ў 2018 годзе: укладанні не акупіліся, а інвестара не знайшлося. Курыраваў праект намеснік гендырэктара "Белзарубежгандля" Андрэй Каўхута — былы кіраўнік Мінпрыроды, якога Следчы камітэт падазраваў у службовым падлогу. Тады выявілася, што выдзеленыя на геаразведку грошы былі патрачаныя, але работы былі праведзены толькі часткова. У справе фігуравала яшчэ адно дзяржпрадпрыемства — "НПЦ па геалогіі". Яно нам яшчэ сустрэнецца.

Кіраўнік спраў прэзідэнта

"Белгеапошук" займаецца пошукам карысных выкапняў не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. З вядомых напрамкаў — Зімбабвэ, Судан, Туркменістан.

Яшчэ ў 2018 годзе кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман заяўляў, што для Беларусі становіць вялікі інтарэс геолагаразведка і здабыча ў багатай на карысныя выкапні Зімбабвэ нафты, газу, золата, плаціны і іншых рэсурсаў. У 2018 годзе планавалася пачаць распрацоўваць радовішча ў Зімбабвэ і было прынята рашэнне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства па горнай здабычы.

— Афрыка цікавая тым, што там сапраўды вельмі шмат карысных выкапняў, якія як паветра патрэбныя нашай эканоміцы, — расказваў Віктар Шэйман. — Ніхто не збіраецца супрацоўнічаць забясплатна. Калі ў іх няма грошай, яны гатовыя разлічвацца карыснымі выкапнямі. Гэта нас задавальняе. Галоўнае — каб складалася эканоміка, каб быў прыбытак для Беларусі.

Яўген Падгорны, дырэктар ТАА "Белгеапошук", які кіруе разведкай і здабычай карысных выкапняў у Афрыцы, на асабістай старонцы ў "Фэйсбуку" публікуе фатаграфіі золата, алмазаў і залатаносных шахтаў з Зімбабвэ. Выглядае на тое, што Беларусь ужо актыўна ўдзельнічае ў здабычы выкапняў у "братэрскай" краіне.

Фатаграфіі з Зімбабвэ з асабістай старонкі ў сацсетках Яўгена Падгорнага

Дарэчы, да "Белгеапошука" Яўген Падгорны ўзначальваў той самы "НПЦ па геалогіі". У сацсетках і на прафесійных сайтах пазначана, што ён жыве ў Харарэ, сталіцы Зімбабвэ.

Рэканструктары паказваюць пастаноўку па савецкай вайне ў Афганістане / Reuters

"ГардСэрвіс" атрымаў асобны — усяго толькі 12-ы — радок у пераліку юрыдычных асоб з асаблівымі статутнымі задачамі. Гэта арганізацыі, якія могуць выкарыстоўваць і прымяняць службовую зброю, — ваенізаваная ахова, інкасацыя, лясная ахова, ДТСААФ і іншыя.

У 2019 годзе пералік папоўніла прыватная кампанія "Энерга-Оіл", якая належыць бізнесмену Аляксею Алексіну і цяпер шырока вядомая кіёскамі "Табакерка". Рэч у тым, што ў СЗАТ "Энерга-Оіл" пад Мінскам ёсць спартыўна-стралковы комплекс, дзе дазволена аказваць паслугі па фармаванні навыкаў абыходжання са зброяй, стральбе з баявой, службовай і грамадзянскай зброі, навучанні стральбе. З ахоўнай дзейнасцю з'яўленне "Энерга-Оіла" ў пераліку ніяк не звязана.

Спартыўна-стралковы комплекс у "Сябрах" які належыць "Энерга-Оіл"

Мытня дае дабро

Тэлеканал "Белсат" звязвае Аляксея Алексіна, а таксама двух іншых буйных беларускіх бізнесменаў — Мікалая Вараб'я і Аляксандра Зайцава — з ТАА "Глобалкастом-менеджмент", якое, нагадаем, ёсць аднаасобным уладальнікам ТАА "ГардСэрвіс". Зрэшты, ні аднаго прамога доказу іх сувязі няма.

У 2017 годзе Федэральная мытная служба Расіі абвінаваціла "Глобалкастом-менеджмент" у кантрабандзе "санкцыйных тавараў" у Расію. Беларуская кампанія адхіліла любыя падазрэнні пра свой удзел у незаконных схемах пастаўкі забароненай прадукцыі. Аднак у "Глобалкастом-менеджмент" прызналі, што былі спробы выкарыстання іншымі асобамі іх рэквізітаў падчас кантрабанды тавараў.

Офісы "Глобалкастом-менеджмент" і "ГардСэрвіс" знаходзяцца ў мінскім бізнес-цэнтры "Няміга-сіці" — таксама як і офіс яшчэ адной буйной кампаніі, "Брэміна груп", за якой стаяць Алексін, Варабей і Зайцаў. Зрэшты, у "Брэміна груп" адмаўляюць якое-небудзь сваё дачыненне да "Глобалкастом-менеджмент" і "ГардСэрвіс".

Першы беларускі ПАП — наш "Вагнер"?

Меркаванні экспертаў пра тое, чым жа будзе займацца першы беларускі ПАП, падзяліліся. Каардынатар праграмы "Знешняя палітыка Беларусі" Дзяніс Мельянцоў расказаў Onliner.by, што дзейнасць фірмы будзе накіравана за мяжу:

— Магчыма, такія ахоўныя структуры будуць наймацца альбо для суправаджэння грузаў, альбо для аховы аб'ектаў, скажам у Венесуэле або ў Афрыцы. У Беларусі там ёсць свае інтарэсы. Гэта распрацоўка радовішчаў, напрыклад у Зімбабвэ. Мне здаецца, нітачкі вядуць туды. Мы сваіх вайскоўцаў за мяжу не можам адправіць у сілу розных абставін і законаў, і грамадская думка таксама не зразумее, калі раптам беларускія вайскоўцы будуць дзесьці далёка ад радзімы ў нестабільных мясцінах.

Эксперт звяртае ўвагу, што ў тэксце ўказа няма абмежаванняў па тэрыторыі дзейнасці. Затое там ёсць адсылка да міжнароднага права:

— Гэта намякае на тое, што такія структуры будуць выкарыстоўвацца не толькі і не столькі на тэрыторыі Беларусі, а для нейкай ахоўнай дзейнасці за мяжой. Прычынай з'яўлення падобнай структуры можа быць альбо вельмі сур'ёзны інтарэс уплывовага прыватнага бізнесу, альбо тое, што дзяржаве прыйшло разуменне неабходнасці ахоўваць беларускія актывы за мяжой, — працягвае Дзяніс Мельянцоў.

Ваенны эксперт Аляксандр Алесін, наадварот, лічыць, што ахоўная арганізацыя будзе дзейнічаць унутры Беларусі:

— Юрыдычна гэта абсалютна розныя рэчы. Прыватныя вайсковыя кампаніі прызначаныя для дзеянняў за межамі краіны, калі ўрад не хоча "свяціцца". Яны ўжываюцца, калі ёсць інтарэсы ў пэўным рэгіёне, але па нейкай прычыне там адкрыта выступаць нявыгадна. Напрыклад, як расійская ПВК "Вагнер". Або былы амерыканскі Blackwater,каментуе Алесін указ Лукашэнкі аб ТАА "ГардСэрвіс" для "Радыё Свабода".

Эксперт лічыць, што ПАП пад эгідай МУС будзе выконваць функцыі пазаведамаснай узброенай аховы ў Беларусі, а працаваць там будуць былыя супрацоўнікі МУС.

З шчыльнай сувязі "ГардСэрвіса" з "Белгеапошукам" можна зрабіць выснову, што першы беларускі ПАП усё ж будзе вырашаць задачы за мяжой. Афрыка — месца неспакойнае, а Зімбабвэ — не самая ўладкаваная краіна рэгіёна. Ды і сама па сабе здабыча карысных выкапняў — справа рызыкоўная. І яна патрабуе сур'ёзнай аховы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.